Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ГАБРЭЯЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што мы чулі, каб часам не сысці з дарогі.

2 Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякае злачынства і непаслухмянасць атрымлівалі справядлівую адплату,

3 то якім чынам мы зможам ухіліцца, калі занядбаем гэткае збаўленне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было тымі, што чулі ад Яго

4 за пацвярджэннем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасцямі, і дарамі Духа Святога па Яго волі.

5 Не анёлам бо падуладніў Бог будучы свет, пра які мы гаворым.

6 Засведчыў жа хтосьці ў нейкім месцы, кажучы: «Што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?

7 Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго, і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх,

8 і ўсё Ты кінуў пад ногі яго». Калі ж усё падуладніў Яму, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ не ўсё падуладнена Яму.

9 Вось у Тым, Які быў мала паніжаны за анёлаў, бачым Ісуса, замучанага смерцю, вянчанага славай і пашанай, каб з ласкі Божай за ўсіх спазнаў смерць.

10 Бо належала, каб Той, для Якога ўсё і праз Якога ўсё, Таго, Які шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра іх збаўлення, удасканаліў праз цярпенне.

11 Бо Той, Хто ўсвячае, і тыя, якія ўсвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,

12 кажучы: «Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе».

13 І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». Ды яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».

14 Дык калі дзеці сталіся супольнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся супольнікам іх, каб смерцю знішчыць таго, які мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла,

15 і каб вызваліць тых, што праз страх смерці на ўсё жыццё былі аддадзены ў няволю.

16 Бо не анёлаў Ён прымае, але семя Абрагама прымае.

17 Дзеля гэтага Ён павінен быў ва ўсім упадобніцца братам, каб стацца міласэрным і верным Першасвятаром у Бога, каб ачысціць грахі народа,

18 бо таму, што Ён Сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаны, дапамагчы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы