Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ГАБРЭЯЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.

2 У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі.

3 Ён – ззянне славы і вобраз Яго істоты, Які трымае ўсё словам магутнасці Сваёй і, здзейсніўшы праз Сябе ачышчэнне грахоў нашых, сядзіць праваруч велічы на вышынях,

4 настолькі вышэйшы за анёлаў, наколькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.

5 Бо каму з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Ты – Сын Мо?, Я Цябе сёння спарадзіў»? Або зноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?

6 І зноў жа, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы».

7 А да анёлаў вось што кажа: «Ён творыць анёламі Сваімі духаў і паслугачамі Сваімі полымя агню».

8 А да Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці – жазло валадарства Твайго.

9 Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх».

10 І: «Госпадзе, напачатку заснаваў Ты зямлю, і неба – стварэнне рук Тваіх.

11 Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць,

12 і, як шаты, скруціш іх, і яны пераменяцца. А Ты Той самы, і гады Твае не скончацца».

13 Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»?

14 Ці ж не ўсе яны ёсць паслугуючыя духі, пасланыя на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленне?

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы