ВЫХАД 38 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Зрабіў ён і ахвярнік цэласпалення з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў у шырыню, і тры локці ў вышыню, 2 рогі якога выходзілі з вуглоў; і пакрыў яго меднымі пласцінамі. 3 І зрабіў з медзі ўсе прыналежнасці да ахвярніка: папяльніцы, гаршкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы. 4 І зрабіў медныя краты для яго накшталт сеткі пад край ахвярніка знізу аж да сярэдзіны яго, 5 зрабіўшы чатыры кольцы на такую ж колькасць краёў кратаў для прасоўвання жэрдак, каб несці ахвярнік. 6 І зрабіў іх саміх з дрэва акацыі, і пакрыў меднымі пласцінамі; 7 і прасунуў у кольцы, што выступалі з бакоў ахвярніка. Сам жа ахвярнік быў пусты, зроблены з дошак, полы ўнутры, а не суцэльны. 8 Зрабіў і таз медны з падножжам яго з люстэрак жанчын, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. 9 Зрабіў і панадворак, на паўднёвым баку якога былі заслоны з кручанага вісону даўжынёю ў сто локцяў; 10 дваццаць слупоў медных з падножжамі іх; аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя. 11 Таксама на паўночным баку былі заслоны, слупы і падножжы, аплікі і кольцы пры слупах тых жа памеру, работы і металу. 12 А на тым баку, які глядзіць на захад, былі заслоны пяцьдзесят локцяў у шырыню, дзесяць слупоў з іх падножжамі; і аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя. 13 У сваю чаргу ён падрыхтаваў для ўсходняга боку заслоны пяцьдзесят локцяў шырыні, 14 з якіх адзін бок меў заслоны ў пятнаццаць локцяў і тры слупы і столькі ж падножжаў; 15 а з другога боку — бо ён зрабіў выхад з палаткі з абодвух бакоў — заслоны былі таксама ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў. 16 Усе заслоны панадворка кругом ён выткаў з кручанага вісону. 17 Падножжы слупоў былі з медзі, аплікі ж іх і кольцы іх срэбраныя, і вяршыні іх ён пакрыў срэбрам, і ўсе слупы панадворка абклаў ён срэбранымі кольцамі. 18 Зрабіў заслону ля ўваходу ў панадворак з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону залататканай работы; і мела яна дваццаць локцяў у шырыню і пяць локцяў у вышыню згодна з памерам, які мелі ўсе заслоны панадворка. 19 І было чатыры слупы ля ўваходу з меднымі падножжамі і срэбранымі аплікамі; і вяршыні, і кольцы іх ён пакрыў срэбрам. 20 Таксама зрабіў ён калкі скініі і калкі панадворка з медзі. 21 Вось падрахунак выдаткаў на скінію, на скінію сведчання, які быў зроблены па загадзе Майсея з дапамогаю левітаў пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара. 22 А Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура з пакалення Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею, узяўшы сабе 23 памочнікам Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, майстра, ткача-адамашніка, вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, чырвані і вісоне. 24 Усяго золата, што было ўзважана для работы над святыняй і што было прынесена ў дарах, было дваццаць дзевяць талентаў і семсот трыццаць сікляў па вазе сікля святога. 25 Срэбра ж ад тых, хто быў запісаны ў грамадзе, было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сікляў паводле памераў сікля святога. 26 Адну бэку, гэта значыць паўсікля паводле памеру сікля святога, даў кожны, хто падпаў пад спіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, ад шасцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці мужчын. 27 Сто талентаў срэбра было скарыстана на адліццё падножжаў святыні, і падножжаў ля пакрывалаў; было адлічана па адным таленце на адно падножжа. 28 А з тысячы семісот сямідзесяці пяці сікляў ён зрабіў аплікі да слупоў і пакрыў іх вяршыні, і абклаў іх срэбрам. 29 Таксама медзі было прынесена семдзесят талентаў і дзве тысячы чатырыста сікляў, з якіх ён 30 зрабіў падножжы для ўваходу ў палатку сустрэчы і медны ахвярнік з яго кратамі і ўсімі пасудзінамі, што служаць яму, 31 і падножжы панадворка, як вакол яго, так і для ўваходу, і ўсе калкі скініі і панадворка кругом. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)