ВЫХАД 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў. 2 Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары. 3 Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць». 4 Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы. 5 Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада. 6 І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы, 7 Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні». 8 І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся: 9 «Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай». 10 Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою. 11 Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея. 12 Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу; 13 але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі. 14 Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць. 15 Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх. 16 Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі. 17 Не рабі сабе багоў літых. 18 Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта. 19 Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе. 20 Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі. 21 Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць. 22 Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года. 23 Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля. 24 Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго. 25 Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай. 26 Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго». 27 І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем». 28 Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў. 29 І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам. 30 А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй; 31 і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі, 32 прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай. 33 Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой, 34 якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана. 35 Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)