ВЫХАД 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва. 2 Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды. 3 Не шкадуй таксама беднага на судзе. 4 Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго. 5 Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай. 6 Не абвяргай суд беднага ў справе яго. 7 Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага. 8 Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых. 9 Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай. 10 Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады. 11 А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім. 12 Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец. 13 Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх. 14 Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод. 15 Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі. 16 І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля. 17 Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго. 18 Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго. 19 Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго. 20 Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў. 21 Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё. 22 Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць. 23 Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу. 24 Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх. 25 Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай. 26 Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх. 27 Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы 28 наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш. 29 Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры. 30 Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю. 31 Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых. 32 Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх. 33 Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)