ВЫХАД 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі гэтую песню Госпаду і сказалі: «Давайце спяваць Госпаду: бо Ён слаўна ўзвялічыўся, каня і конніка кінуў у мора. 2 Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаў для мяне збаўленнем. Ён — Бог мой, і буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, і буду ўзвялічваць Яго! 3 Госпад — быццам мужчына-ратнік; Ягвэ — імя Яго! 4 Калясніцы фараона і войска яго Ён кінуў у мора, адборныя воіны яго патоплены ў моры Чырвоным. 5 Бездані накрылі іх, апусціліся яны ў глыбіню, як камень. 6 Правіца Твая, Госпадзе, — у слаўнай моцы; правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага. 7 І ў мностве славы Тваёй знішчыў Ты супраціўнікаў Тваіх; і даў Ты волю гневу Свайму, які праглынуў іх, як салому. 8 І ў подыху абурэння Твайго сабраліся воды; і паўстала, як сцяна, цякучая хваля, і на сярэдзіне мора застылі бездані. 9 Вораг сказаў: “Буду гнацца і даганю; падзялю здабычу, нацешыцца душа мая, дастану меч свой, і заб’е іх рука мая!” 10 Дыхнуў Ты Духам Тваім, і накрыла іх мора; яны патанулі, як свінец, у бурлівых водах. 11 Хто сярод багоў падобны Табе, Госпадзе? Хто падобны Табе, хто слаўны святасцю, страшны і праслаўлены, творца цудаў? 12 Працягнуў Ты руку Сваю, і паглынула іх зямля. 13 У міласэрнасці Тваёй быў Ты правадыром для народа, які адкупіў, і праводзіў яго ў моцы Сваёй у Сваё святое жыллё. 14 Пачулі народы і спалохаліся, смутак апанаваў жыхароў філістынскіх. 15 Тады занепакоіліся князі Эдома, а ўладароў Мааба апанаваў страх, здранцвелі ўсе жыхары Ханаана. 16 Напалі на іх трымценне і жах; у магутнасці рукі Тваёй робяцца яны нерухомымі, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць той народ Твой, які ўзяў Ты ва ўласнасць. 17 Увядзі іх і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у наймагутнейшай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, Госпадзе, у святыні, Госпадзе, якую заснавалі рукі Твае. 18 І будзе Госпад валадарыць на векі вечныя! 19 Бо ўвайшлі коні фараона ў мора з калясніцамі і коннікамі яго, і ўзвёў на іх Госпад воды марскія; а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне праз сярэдзіну мора». 20 Дык сястра Аарона Мірыям-прарочыца, узяла тымпан у руку сваю; і ўсе жанчыны ішлі за ёю з тымпанамі і карагодамі; 21 яна спявала ім, кажучы: «Давайце спяваць для Госпада, бо Ён слаўна ўзвялічыўся: каня і вершніка яго ўкінуў у мора!» 22 Павёў тады Майсей Ізраэля ад Чырвонага мора, і пайшлі яны ў пустыню Сур; і тры дні ішлі яны праз пустыню і не знаходзілі вады. 23 І прыйшлі да мясцовасці Мара, але не маглі піць ваду з Мары, таму што была яна горкая; з-за таго таму месцу было дадзена імя Мара. 24 І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?» 25 І паклікаў ён Госпада, Які паказаў яму дрэва; калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада ператварылася ў салодкую. Там устанавіў для народа Госпад пастановы і прыказанні, і там выпрабаваў яго, 26 кажучы: «Калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго, і скарышся настаўленням Яго і будзеш захоўваць усе Яго пастановы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет: бо Я — Госпад, лекар твой». 27 І прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц і семдзесят пальмаў; і там сталі яны лагерам каля вады. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)