ВЫХАД 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Госпад Майсею, кажучы: 2 «Пасвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлонне ў сыноў Ізраэля: як сярод людзей, так і сярод жывёлы, бо гэта ўсё Маё». 3 І сказаў Майсей народу: «Памятайце пра той дзень, у які выйшлі вы з Егіпта, з дома няволі; бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; так што не ежце вы заквашанага хлеба. 4 Сёння выходзіце вы, у месяцы Абіб. 5 І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў, гівеяў і евусеяў, якою прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць табе зямлю, што ацякае малаком і мёдам, тады павінен ты святкаваць яго ў гэтым самым месяцы. 6 Сем дзён карміцеся праснакамі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасць Госпаду. 7 Праснакі будзеце есці сем дзён: і не з’явіцца ў цябе нічога заквашанага, і не будзе заквашанага ва ўсіх межах зямлі тваёй. 8 І ў той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Егіпта”. 9 І вось, гэта будзе табе як знак у руцэ тваёй і як напамін у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх; бо рукою дужаю вывеў цябе Госпад з Егіпта. 10 Спаўняй гэты святы звычай у вызначаны час дзень пры дні. 11 І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў, якою прысягнуў Ён табе і бацькам тваім, і дасць табе яе, 12 то аддзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне і што першароднае ў жывёлы тваёй; і што будзеш мець мужчынскага роду — прысвяці Госпаду. 13 Першароднага ад асла заменіш авечкай; тое, што не выкупіш, забі. Усё ж першароднае ад чалавека з сыноў тваіх выкупляй за грошы. 14 І калі заўтра спытае ў цябе сын твой, гаворачы: “Што гэта?”, — ты адкажаш яму: “Дужаю рукою вывеў нас Госпад з Егіпта, з дому няволі. 15 Бо калі фараон заўпарціўся і не хацеў нас адпусціць, забіў Госпад усё паршароднае на зямлі Егіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы; таму я ахвярую Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне, мужчынскага роду, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”. 16 Такім чынам, гэта будзе быццам знак на руцэ тваёй і быццам тое, што падвешана перад вачамі тваімі дзеля ўспаміну, бо Госпад дужаю рукою вывеў нас з Егіпта». 17 Бо калі фараон выслаў народ, не павёў іх Бог па дарозе да зямлі філістынцаў, што была найкарацейшай, думаючы аб тым, каб народ, часам, не раскаяўся, калі б убачыў перад сабою войны, і каб ён не вярнуўся ў Егіпет, 18 а павёў яго навокал па дарозе пустыні, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі з зямлі Егіпецкай. 19 Таксама забраў Майсей з сабою косці Язэпа, бо ён заклінаў сыноў Ізраэля, гаворачы: «Бог наведае вас; тады панясіце з сабою адсюль косці мае». 20 І выйшаўшы з Сукота, яны сталі лагерам у Этаме, на крайніх межах пустыні. 21 А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб паказваць дарогу, а ноччу ў слупе агню, каб свяціць ім, каб быў правадыр у дарозе ў любы час. 22 Ніколі не знікаў з вачэй народа слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)