Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Мудрасць пабудавала сабе дом і выцесала сем калон;

2 закалола ахвяры свае, развяла віно і прыгатавала свой стол.

3 Паслала служанак сваіх, каб клікалі ў замак з узвышшаў гарадскіх:

4 «Калі ёсць хто просты чалавек, хай прыйдзе да мяне!» А неразумнаму казала:

5 «Прыходзьце, ежце хлеб мой і піце віно, якое я развяла для вас;

6 пакіньце глупства і жывіце, і хадзіце па дарогах разважлівасці».

7 Хто вучыць кпліўца, сам сабе робіць несправядлівасць; а хто ганьбіць бязбожніка, сябе заплямлівае.

8 Не ганьбуй насмешніка, каб ён не зненавідзеў цябе, ганьбуй мудрага — і будзе ён цябе любіць.

9 Кажы мудраму — і ён стане мудрэйшы, вучы справядлівага — і ён павялічыць веды.

10 Пачатак мудрасці — страх Госпадаў, а веданне Святога — разважлівасць.

11 Бо праз мяне дні твае павялічацца і прыбавяцца табе гады жыцця.

12 Калі будзеш мудры — будзеш мудры для самога сябе, кпліўцам будзеш — будзеш сам несці ліха.

13 Жанчына бязглуздая — крыклівая, неразумная і што нічога не ведае,

14 сядзіць яна каля дзвярэй дома свайго на зэдліку і на ўзвышшах горада,

15 каб заклікаць тых, хто праходзіць па дарозе, і тых, хто ідзе шляхам сваім:

16 «Хто бязглузды, хай звернецца да мяне». А неразумнаму сказала яна:

17 «Воды крадзеныя — саладчэйшыя, а схаваны хлеб — смачнейшы».

18 І не ведае яна, што там цемра і што ў глыбінях апраметнай — госці яе.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы