Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Няўжо гэта не мудрасць усклікае і не разважлівасць падымае голас свой?

2 На найвышэйшых вяршынях і на дарозе, на сярэдзіне сцежак стоячы,

3 ля брам пры ўваходзе ў горад, у саміх дзвярах усклікае:

4 «О людзі, да вас заклікаю, і кліч мой да сыноў чалавечых.

5 Пазнайце, прастакі, мудрасць, а неразумныя — звярніце ўвагу;

6 слухайце, бо буду гаварыць пра справы важныя і расчыняцца вусны мае, каб сказаць праўду.

7 Праўду выкажа горла маё, а вусны мае праклянуць бязбожніка.

8 Усе размовы вуснаў маіх — справядлівыя, няма ў іх ніякай ілжы і крывадушнасці;

9 усе яны ясныя для разумных і справядлівыя для тых, хто здабывае веды.

10 Прыміце настаўленне маё, а не грошы, лепш навучанне, чым адборнае золата.

11 Бо мудрасць лепшая за самацветы, і ўсё, што жадаеш, не можа параўнацца з ёю.

12 Я, Мудрасць, жыву з Разважлівасцю і знаходжу дасканаласць ведаў.

13 Страх Госпадаў — ненавідзець высакамер’е, пыхлівасць, ліхую дарогу, зло, ненавідзець і крывадушныя вусны.

14 Маё — гэта розум і разважлівасць, разважлівасць — мая, мужнасць — мая.

15 Праз мяне цары царуюць і валадары выносяць справядлівыя рашэнні;

16 праз мяне кіраўнікі загадваюць, а магутныя людзі справядлівасць чыняць.

17 Я люблю тых, хто любіць мяне; і тыя, хто зранку пільнуе мяне, знойдуць мяне.

18 Са мною — багацце і слава, незнішчальныя скарбы і справядлівасць.

19 Бо плод мой даражэйшы за золата і золата вышэйшага гатунку, а народжанае мною — за адборнае срэбра.

20 Я хаджу па дарогах справядлівасці і пасярэдзіне сцежак законнасці,

21 каб абагаціць тых, хто любіць мяне, і напоўніць іх скарбніцы.

22 Госпад валодае мною ад пачатку дарог Сваіх, перш чым стварыць што-небудзь, спакон вякоў;

23 ад вечнасці ўзнікла я і ад старадаўніх часоў, перш чым зямля ўзнікла.

24 Яшчэ не існавалі бездані, а я ўжо ўтварылася; яшчэ крыніцы не былі цяжкімі ад водаў;

25 перш, чым узвысіліся горы, раней за ўзгоркі я нарадзілася.

26 Дагэтуль Ён не стварыў зямлю, і палі, і пачатак зямлі ў сусвеце.

27 Калі асноўваў нябёсы, я была там, калі цвёрдым законам і кругам абводзіў бездані,

28 калі воблакі ўстанаўліваў угары, калі ўмацаваліся вытокі бездані,

29 калі мору вызначаў Ён яго мяжу і водам, каб з рубяжоў сваіх не выходзілі, калі паклаў асновы зямлі,

30 я разам з Ім усё рашала ў захапленні, гуляючы перад Ім штодзень,

31 гуляючы па крузе зямлі, і радасці мае — быць з сынамі чалавечымі.

32 Такім чынам, цяпер, сыны, слухайце мяне: шчасныя тыя, хто зберагае дарогі мае,

33 слухайце настаўленне і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.

34 Шчасны чалавек, які слухае мяне, і які штодзень пільнуе пры дзвярах маіх, і хто пільнуе каля вушака дзвярэй маіх.

35 Хто мяне знойдзе, той жыццё знойдзе і атрымае радасць ад Госпада.

36 А хто адносна мяне зграшыць, той пакалечыць душу сваю: усе, хто ненавідзіць мяне, — смерць любяць».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы