ВЫСЛОЎІ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сыне мой, беражы размовы мае і пастановы мае схавай у сабе. 2 Спаўняй настаўленні мае, каб жыў; захоўвай закон мой, як зрэнку вока свайго. 3 Завяжы іх на пальцах сваіх, напішы іх на табліцы сэрца свайго. 4 Кажы мудрасці: «Ты сястра мая» і разважлівасць заві сяброўкай, 5 каб захавала яна цябе ад чужой жонкі і ад чужой жанчыны, што гаворыць свае салодкія словы. 6 Бо праз акно дома свайго, праз краты гляджу я і назіраю за маладымі; 7 бачу я сярод моладзі юнака неразумнага, 8 які ідзе па вуліцы каля яе вугла і ідзе паблізу дарогі да дому яе, 9 упоцемку, калі дзень падыходзіць да вечара, у самай імгле і ў тумане. 10 І вось спяшаецца яму насустрач жанчына ў распусным адзенні і з хітрым сэрцам, 11 гаваркая і нястрыманая, што не выносіць супакой і не можа ўтрымаць ног сваіх у хаце сваёй: 12 то на плошчах, то на вуліцах каля вуглоў расстаўляе яна пасткі. 13 І мілуе яна схопленага і расцалаванага юнака, з юрлівым тварам гаворачы: 14 «Я прынесла ахвяру на здароўе, сёння я выканала зарокі свае, 15 таму выйшла табе насустрач, жадаючы цябе бачыць, — і знайшла цябе. 16 Дыванамі заслала я сваю пасцель, тканінамі рознакаляровымі з Егіпта, 17 Апрыскала я спальню сваю мірай, альясам і карыцаю. 18 Прыходзь, будзем упівацца ўцехамі, да раніцы цешыцца любоўю. 19 Бо няма мужа ў доме маім, пусціўся ў вельмі далёкую дарогу; 20 пояс грошай узяў з сабою, вернецца ён да дому свайго ў дзень поўні». 21 Прывабіла яна яго шматлікімі размовамі і заманіла яго ліслівасцю вуснаў сваіх. 22 Бязглузды, ідзе ён за ёй, як вол, якога вядуць на зарэз; як алень заблытваецца ён ў сіле, 23 пакуль страла не пранзае печань яго; як птушка, што спяшаецца да сіла і не ведае, што рашаецца справа жыцця. 24 Такім чынам, цяпер, сыне мой, слухай мяне і зважай на размовы вуснаў маіх. 25 Хай не ўтрымаецца розум твой на дарогах яе, і хай не падманваюць цябе сцежкі яе, 26 бо многіх зваліла яна параненымі, і нават вельмі моцныя людзі былі загубленыя ёю: 27 дом яе — дарогі ў пекла, што вядуць у глыбіні смерці. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)