Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Сыне мой, звярніся да мудрасці маёй і нахілі вуха сваё да разважлівасці маёй,

2 каб зберагчы думкі і каб вусны твае захавалі настаўленне.

3 Бо вусны распусніцы сочацца мёдам, а горла яе больш бліскучае, чым алей;

4 а ў рэшце рэшт — яно ў яе горкае, быццам палын, і вострае, быццам двусечны меч.

5 Ногі яе сыходзяць да смерці, а крокі яе вядуць да мерцвякоў;

6 паколькі не заўважае яна сцежку жыцця, хісткія крокі яе і сама яна не ведае [іх].

7 Вось, зараз паслухай, мой сыне, не адступай ад слоў вуснаў маіх.

8 Трымай далёка ад яе шлях твой і не падыходзь блізка да дзвярэй дому яе.

9 Не аддавай гонару свайго чужым і гадоў сваіх — лютаму чалавеку,

10 каб часам з намаганняў тваіх не насычаліся іншыя і каб працы твае не былі ў чужой хаце,

11 а ў рэшце рэшт ты будзеш стагнаць, калі сілы твае і цела тваё будуць растрачаныя,

12 і ты скажаш: «Чаму пагрэбаваў я настаўленнем, і сэрца маё адхіліла папрокі,

13 і не пачуў я голасу тых, хто вучыў мяне, і не нахіляў вуха маё да настаўнікаў?

14 Ледзь не трапіў я ў вялікую бяду сярод сходу і грамадства!»

15 Пі ваду са свайго вадаёма і тую, што цячэ ў тваёй студні,

16 хай не выліваюцца крыніцы твае на двор, а патокі водаў — па вуліцах;

17 валодай імі толькі ты адзін, і хай не будуць саўдзельнікамі тваімі іншыя.

18 Хай выток твой будзе дабраславёны, і весяліся з жонкай маладосці тваёй.

19 Яна — лань найпрыгажэйшая і сарна зграбнейшая, прывабнасці яе ап’яняюць цябе ў кожны час, у каханні яе бесперапынна шукай асалоду.

20 Нашто, сыне мой, ты спакушаешся чужою і грэешся ў абдымках чужой?

21 Бо перад Госпадам — дарогі чалавека і Ён бачыць крокі яго.

22 Бязбожніка захопяць яго ўласныя несправядлівасці, і будзе ўтрыманы ён грахамі сваімі.

23 Памрэ ён, бо не меў настаўлення, і знікне ў безлічы бязглуздасці сваёй.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы