Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слухайце, дзеці, бацькоўскае настаўленне і слухайце, каб навучыцца разважлівасці;

2 я дам вам добрае навучанне, не пагарджайце запаветам маім.

3 Бо і я быў сынам бацькі майго, пешчаны і адзіны — у маці маёй;

4 вучыў ён мяне і казаў мне: «Хай прымае сэрца тваё словы мае, беражы настаўленні мае — і будзеш жыць.

5 Набывай мудрасць, набывай разважлівасць, не забывайся і не ўхіляйся ад слоў вуснаў маіх.

6 Не пакідай яе, і яна зберажэ цябе, любі яе, а яна выратуе цябе.

7 Пачатак мудрасці: валодай мудрасцю і набывай разважлівасць ва ўсякай тваёй маёмасці.

8 Набывай яе, і яна ўзвысіць цябе, яна праславіць цябе, калі будзеш любіць яе.

9 Ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, абароніць цябе ўслаўленым вянцом».

10 Слухай, сыне мой, і ўспрымай словы мае, каб памножыліся гады жыцця твайго.

11 Паказаў я табе шлях мудрасці; вяду цябе сцежкамі справядлівымі,

12 калі ўступіш на іх, не будуць сціснутыя крокі твае, і, калі пабяжыш, не сустрэнеш перашкоду.

13 Трымай настаўленне і не адпускай яго; беражы яго, бо яно — жыццё тваё.

14 Не ўступай на сцежкі бязбожнікаў і не хадзі па дарозе ліхіх людзей.

15 Пазбягай яе і не хадзі па ёй; ухіляйся і адступіся ад яе.

16 Бо не спяць яны, пакуль благога не зробяць, і сон іх не ахоплівае, калі не дадуць камусьці падножку.

17 Бо ядуць яны хлеб бязбожнасці і п’юць віно несправядлівасці.

18 А сцежка справядлівых — быццам святло ззяючае ўзыходзіць і расце аж да поўнага дня.

19 Шлях бязбожнікаў — цёмны, і не ведаюць яны, дзе зваляцца.

20 Сыне мой, слухай уважліва размовы мае і схіляй вуха сваё да размоў маіх;

21 хай не знікаюць яны з вачэй тваіх, беражы іх у глыбіні сэрца свайго;

22 бо яны — жыццё для тых, хто знаходзіць іх, і здароўе — для ўсяго цела.

23 Усялякім наглядам сцеражы сэрца сваё, бо з яго жыццё ўзнікае.

24 Адхілі ад сябе крывадушны язык, і хай будуць далёка ад цябе шкодныя вусны.

25 Вочы твае хай глядзяць прама, а павекі хай накіраваны будуць перад сабой.

26 Сачы за сцежкай ног тваіх, і ўсе дарогі твае будуць цвёрдыя.

27 Не паварочвай ані направа, ані налева, беражы нагу сваю ад ліха.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы