Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Словы Ламуэля, цара Масы, якім яго навучыла ўласная маці.

2 Што, сыне мой? Што, сыне ўлоння майго? Што, сыне абяцанняў маіх?

3 Не аддавай жанчынам маёмасць сваю, ані шляхоў сваіх тым, што губяць цароў.

4 Не да твару царам, о Ламуэль, не да твару царам піць віно, ані кіраўнікам — прагнуць сіцэры,

5 каб не выпілі яны аднойчы і не забыліся на законы, і каб не спынілі яны справу ўсіх сыноў беднага.

6 Дай сіцэры таму, хто гіне, а віна тым, хто з горкай душою:

7 хай п’юць і хай забудуцца на беднасць сваю, і хай больш не ўспамінаюць пра смутак свой.

8 Ты вусны свае адкрый для нямога і для спраў усіх сыноў, што прападаюць;

9 адкрый вусны свае, вырашай, што справядлівае, і судзі ўбогага і беднага.

10 АЛЕФ. Хто знойдзе дабрадзейную жанчыну? Цана яе — значна вышэй за самацветы.

11 БЭТ. Упэўнена ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбыткаў.

12 ГІМЭЛЬ. Верне яму дабро, а не ліха ва ўсе дні жыцця свайго.

13 ДАЛЕТ. Набыла яна воўны і льну і зрабіла іх радасцю рук сваіх.

14 ГЭ. Зрабілася яна — быццам караблём купецкім, што здалёк вязе хлеб свой.

15 ВАЎ. І ўстае яна ўначы, і раздае ежу дамачадцам сваім і харч — служанкам сваім.

16 ДЗАЙН. Аглядае яна зямлю — і купляе яе, з плода сваіх рук высаджвае яна вінаграднік.

17 ГЭТ. Падперазалася моцай і ўзмацняе руку сваю.

18 ТЭТ. Адчувае і бачыць, што справа яе — добрая; не патухне ўначы светач яе.

19 ЁД. Руку сваю працягвае яна да калаўрота, а пальцы яе хапаюць верацяно.

20 КАФ. Далоні свае адкрывае ўбогаму, і руку сваю працягвае да беднага.

21 ЛЯМЭД. Не баіцца яна снежных халадоў для дому свайго: бо ўсе яе дамачадцы апранутыя ў падвоеную вопратку.

22 МЭМ. Зрабіла яна сабе пакрывала; вісон і парфіра — убранне яе.

23 НУН. У брамах муж яе вядомы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.

24 САМЭК. Яна вырабляе муслін і прадае, і паясы прадае Ханаану.

25 АЙН. Стойкасць і прыгажосць — убранне яе, і будзе смяяцца яна ў самы апошні дзень.

26 ФЭ. Адкрывае вусны свае для мудрасці, і на языку яе — запавет лагоднасці.

27 САДЭ. Аглядае яна сцежкі дому свайго, і не есць яна хлеб свой бяздзейная.

28 КОФ. Устаюць дзеці яе і называюць яе самай шчаслівай, і муж яе хваліць яе:

29 РЭС. «Шмат жанчын было дабрадзейных, але ты пераўзышла ўсіх на свеце».

30 СІН. Прывабнасць — падманная, а прыгажосць — пустая: тая жанчына праславіцца, што баіцца Госпада.

31 ТАЎ. Дайце ёй ад плода рук яе, і хай уславяць яе ў брамах справы яе.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы