ВЫСЛОЎІ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае; 2 бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой. 3 Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго, 4 і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей. 5 Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю. 6 Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае. 7 Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха, 8 бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх. 9 Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх, 10 і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно. 11 Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе, 12 бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму. 13 Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці: 14 набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата. 15 Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці; 16 працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава. 17 Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя. 18 Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе. 19 Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю; 20 з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою. 21 Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум — 22 і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй; 23 тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца. 24 Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны. 25 Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе. 26 Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі. 27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта. 28 Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз. 29 Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою. 30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога. 31 Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго, 32 бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго. 33 Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца. 34 Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым; 35 мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)