ВЫСЛОЎІ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Не зайздросці людзям ліхім, не жадай іх таварыства; 2 бо думаюць яны пра гвалт, іх вусны гавораць зласліва. 3 Мудрасцю будзе пабудаваны дом, а разважлівасцю — умацуецца. 4 З ведамі запоўняцца кладоўкі ўсякаю каштоўнаю і найпрыгажэйшаю маёмасцю. 5 Чалавек мудры — моцны, а вучоны чалавек узмацняе моц [сваю]. 6 Бо ты будзеш рыхтаваць для сябе вайну ў адпаведнасці з планамі — і будзе перамога, дзе многія парады. 7 Завысокая мудрасць — для бязглуздага, у браме вуснаў сваіх не адчыніць. 8 Хто думае зрабіць ліха, таго назавуць зламыснікам. 9 Думка бязглуздага — грэх, і агіднасць для людзей — паклёпнік. 10 Калі ты ў дзень няшчасця кволы — паменшыцца твая моц. 11 Ратуй тых, каго вядуць на смерць, і затрымай тых, каго цягнуць на пагібель. 12 Ці скажаш: «Я не ведаў гэтага»? Ці ж Той, Хто праглядае сэрца, Сам не разумее? Ведае Той, Хто сочыць за душамі, Ён адплачвае кожнаму за справы яго. 13 Сыне мой, ты ясі мёд, бо ён добры, бо соты — найсаладзейшыя для горла твайго. 14 Так, ведай, ёсць мудрасць для душы тваёй: калі ты знойдзеш яе — будзе ў цябе будучыня і надзея твая не загіне. 15 Не строй падкопы, о нягоднік, дому справядлівага, і не парушай спакою яго. 16 Бо справядлівы сем разоў упадзе і ўзнімецца; а бязбожнікі ўпадуць у ліха. 17 Калі гіне непрыяцель твой — не радуйся; і хай не ўзрадуецца ў пагібелі яго сэрца тваё, 18 каб падчас не ўбачыў Госпад і не спадабаўся ён Яму, і каб не адхіліў Ён гневу Свайго ад яго. 19 Не абурайся на ліхадзеяў і бязбожнікам не зайздросці, 20 бо не будзе будучыні ў ліхога і светач бязбожнікаў патухне. 21 Бойся, сыне мой, Госпада і цара, і не далучайся да тых, хто думае інакш, 22 бо раптам надыдзе пагібель на іх, а пагібель ад іх абаіх хто прадбачыць? 23 І гэта таксама ёсць у мудрых: вылучаць чалавека на судзе — нядобра. 24 Хто кажа бязбожніку: «Ты справядлівы», таго будуць праклінаць народы, таго адхіляць плямёны. 25 А хто выкрывае яго — будзе праслаўлены, і прыйдзе на іх дабраславенне дабра. 26 У вусны цалуе той, хто адказвае вернымі словамі. 27 Рыхтуй справу сваю знадворку і старанна выконвай яе на сваёй ніве, каб потым пабудаваць дом свой. 28 Не будзь сведкам супраць блізкага твайго беспадстаўна і не падманвай нікога вуснамі сваімі. 29 Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я адплачу чалавеку за справу яго». 30 Праходзіў я праз поле лянівага чалавека і праз вінаграднік чалавека, пазбаўленага розуму: 31 і вось — усё запаланіла крапіва, і цярноўнік пакрыў паверхню яго, і агароджа каменная была разбурана; 32 калі я гэта ўбачыў, захаваў у сэрцы сваім, я ўбачыў — і вывучыў настаўленне: 33 «Крыху паспіш, у меру падрэмлеш, крыху рукі зложыш, каб адпачыць, 34 і прыйдзе да цябе беднасць, як скараход, і галеча — як чалавек узброены». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)