ВЫСЛОЎІ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Лепш імя добрае, чым вялікае багацце, лепш ласка добрая, чым срэбра і золата. 2 Сустракаюцца багаты і бедны: абодвух іх Творца — Госпад. 3 Разважлівы бачыць ліха і хаваецца; легкаверныя ідуць туды, і ім чыніцца шкода. 4 Узнагарода пакорлівасці — страх Госпадаў, багацце і слава, і жыццё. 5 Калючкі і пасткі на дарозе нясталага; а хто вартаўнік душы сваёй — далёка адыходзіць ад іх. 6 Настаўляй юнака ў пачатку дарогі яго; нават калі састарэе, ён не сыдзе з яе. 7 Багаты распараджаецца беднымі; а хто прымае пазычанае — раб таго, хто пазычае. 8 Хто сее несправядлівасць, той збярэ ліха, і розга гневу яго скончыцца. 9 Будзе дабраславёны той, хто мае добрае вока, бо з хлеба свайго дае беднаму. 10 Прагані насмешніка — і знікне разам з ім сварка; спыняцца спрэчкі і ганьба. 11 Хто любіць чысціню сэрца, той будзе мець сябрам цара з-за ласкі вуснаў сваіх. 12 Вочы Госпадавы берагуць веды, а словы несправядлівага скідваюць. 13 Гультай кажа: «Леў знадворку, прападу я на сярэдзіне вуліцы». 14 Глыбокая яма — вусны жонкі чужой; на каго загневаецца Госпад, той упадзе ў іх. 15 У сэрцы юнака змяшчаецца бязглуздасць, і розга настаўлення прагоніць яе. 16 Ты прыгнятаеш беднага? Сам ён павялічыць сваё багацце. Ты дарыш багацейшаму? Сам збяднееш. 17 Нахілі вуха сваё і слухай словы мудрых; а сэрца сваё прыкладзі да маіх ведаў, 18 бо будуць яны вельмі прыгожыя, калі зберажэш іх у чэраве тваім, і разальюцца яны на вуснах тваіх. 19 Каб была ў Госпадзе надзея твая, я гавару табе сёння аб гэтым. 20 Ці не апісваў я табе гэта заўчора ў намерах і ведах, 21 каб паказаць табе трываласць слоў праўды, каб адказаў ты таму, хто паслаў цябе? 22 Не чыні гвалту беднаму, таму што ён бедны, і не зневажай таго, хто жыве ў галечы, 23 бо Госпад будзе разбіраць справу іх і пазбавіць Ён жыцця рабаўнікоў. 24 Не будзь сябрам чалавеку гняўліваму і не хадзі з чалавекам нястрыманым, 25 каб выпадкова не навучыцца сцежкам яго і не атрымаць спакусы для душы сваёй. 26 Не будзь з тымі, што даюць сваю заруку і што прапануюць сябе паручыцелямі за даўгі. 27 Бо калі не маеш адкуль пакрываць [доўг], то ў чым прычына таго, каб узялі ложак твой з-пад цябе? 28 Не перанось межы старадаўнія, якія вызначылі бацькі твае. 29 Бачыш чалавека, руплівага ў сваёй справе: будзе ён стаяць перад царамі, а не перад людзьмі простымі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)