ВЫСЛОЎІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сыне мой, калі прымеш размовы мае і схаваеш у сябе запаветы мае, 2 накіроўваючы вуха сваё да мудрасці, схіляючы сэрца сваё да пазнання разважлівасці, 3 бо калі прызавеш мудрасць і ўручыш голас свой разважлівасці, 4 калі шукаць яе будзеш, як грошы, ды адшукваць яе будзеш, як скарб, — 5 тады зразумееш страх Госпадаў і знойдзеш пазнанне Бога, 6 бо Госпад дае мудрасць, і з вуснаў Яго — веды і разважлівасць. 7 Ён запасе мудрасць для справядлівых і будзе шчытом для тых, хто ходзіць простым шляхам, 8 захоўваючы сцежкі справядлівасці і пільнуючы дарогі святых. 9 Тады зразумееш справядлівасць, прыказанне і закон і ўсякую добрую сцежку, 10 бо ўвойдзе мудрасць у сэрца тваё, і веды спадабаюцца душы тваёй. 11 Сумленне будзе пільнаваць цябе, а растаропнасць уратуе цябе, 12 каб усцярогся ты ад дарогі ліхой і ад чалавека, які хлусіць, 13 [пазбавіць ад тых,] хто пакідае дарогу простую, каб хадзіць па цёмных дарогах, 14 [ад тых,] хто весяліцца, калі робіць злачынства, і радуецца з найгоршых рэчаў: 15 дарогі іх нясталыя, а крокі іх блудныя; 16 каб усцярогся ты ад чужой жонкі і ад чужой, якая змякчае свае размовы 17 і якая пакінула правадыра маладосці сваёй і забылася на запавет Бога свайго. 18 Бо дом яе нахіліўся да смерці, а шляхі яе — да пекла; 19 усе, што ідуць да яе, не вяртаюцца і не знаходзяць сцежак жыцця. 20 Такім чынам, хадзі шляхам добрых людзей і трымайся сцежак справядлівых людзей: 21 бо той, хто справядлівы, будзе жыць на зямлі і сумленныя назаўсёды застануцца на ёй; 22 а бязбожнікі будуць сцёрты з зямлі і тыя, што дзейнічаюць несправядліва, будуць выкаранены з яе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)