Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Лепшы бедны, што ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым той, хто крывіць вусны, і той, хто неразумны.

2 Дзе няма ведаў, душы няма дабра, і хто паспешлівы ў нагах — памыляецца.

3 Бязглуздасць чалавека дае падножку крокам яго, і душою сваёю ён кіпіць супраць Госпада.

4 Багацце дабаўляе многіх сяброў; а беднага пакідае і сябар яго.

5 Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — не пазбегне [кары].

6 Многія ліслівяць у прысутнасці магутнага чалавека, і ўсе — сябры таму, хто дае падарункі.

7 Усе браты беднага чалавека ненавідзяць яго, звыш таго, і сябры далёка адыходзяць ад яго; хто імкнецца толькі да размоў — не будзе мець нічога.

8 А хто з’яўляецца валадаром разважлівасці — любіць душу сваю, і знойдзе дабро вартаўнік разважлівасці.

9 Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — загіне.

10 Не ўпрыгожвае бязглуздага раскоша, і не слузе кіраваць кіраўнікамі.

11 Веды чалавека ўціхамірваюць гнеў яго, а слава яго праходзіць міма несправядлівага.

12 Як рыканне льва — так гнеў цара, і як раса на траве — так і ласка яго.

13 Загуба для бацькі — сын бязглузды, а жонка сварлівая — дах, што няспынна працякае.

14 Дом і багацце — спадчына бацькоў, а жонка разважлівая — ад Госпада.

15 Лянота агортвае моцным сном, і душа нядбайная галадае.

16 Хто беражэ настаўленне — беражэ душу сваю, а хто не клапоціцца аб дарозе сваёй — памрэ.

17 Пазычае Госпаду — хто шкадуе бедных, і ў сваю чаргу вернецца яму.

18 Карай сына свайго, пакуль ёсць надзея, ды не праймайся крыкам яго.

19 Хто нецярплівы — вытрымае кару, а калі жадаеш выратаваць яго — іншае дадасі.

20 Слухайся розуму і прымай настаўленне, каб быць мудрым у канцы жыцця свайго.

21 Многа намераў у сэрцы чалавека, а ласка Госпада застанецца.

22 Жаданае ад чалавека — міласэрнасць яго, і бедны чалавек лепшы за лгуна.

23 Страх Госпадаў вядзе да жыцця, і застанецца чалавек з дастаткам і без з’яўлення ліха.

24 Гультай хавае руку сваю ў місе і не прысоўвае яе да вуснаў сваіх.

25 Калі насмешнік збіты, то і просты чалавек паразумнее; а калі ўпікнеш мудраму, ён зразумее настаўленне.

26 Хто чыніць шкоду бацьку і выганяе маці — сын несумленны і бессаромны.

27 Знайдзі ўцеху ў тым, сыне, каб атрымліваць веды і не праходзь міма разважных размоў.

28 Сведка несправядлівы здзекуецца з законнасці, і вусны бязбожнікаў глытаюць несправядлівасць.

29 Дубцы падрыхтаваны для насмешнікаў, а пабоі — для цел бязглуздых.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы