ВЫСЛОЎІ 18 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Зручных выпадкаў шукае той, хто жадае пазбавіцца сябра; раздражняе яго ўсякая парада. 2 Бязглузды не адчувае асалоду ад разважлівасці — а толькі ад паказу ўласнага розуму. 3 Калі прыйдзе бязбожнік — прыйдзе і пагарда, а з ганьбай — знявага. 4 Словы з вуснаў чалавека — глыбокая вада, а крыніца мудрасці — багатая плынь. 5 Нядобра прымаць чалавека бязбожнага, каб пахіснуць справядлівага ў законнасці яго. 6 Вусны бязглуздага змешваюцца са сваркамі, а рот яго выклікае пабоі. 7 Рот бязглуздага — яго пагібель, а вусны яго — пастка для душы яго. 8 Словы плеткара — быццам салодкія, і самі даходзяць да глыбіні чэрава. 9 Той, хто ў працы сваёй млявы і нядбайны, той — брат знішчыцеля. 10 Наймацнейшая цытадэль — імя Госпада; да яе спяшаецца справядлівы, і там ён узвысіцца. 11 Маёмасць багатага — трывалы горад яго, яна — быццам мур высокі ў думцы яго. 12 Перад знішчэннем узвышаецца сэрца чалавечае, і перад услаўленнем — уціхамірваецца. 13 Хто спярша гаворыць, а потым слухае, — таму бязглуздасць і ганьба. 14 Дух чалавечы пераносіць немач сваю, але хто зможа падтрымаць зруйнаваны дух? 15 Сэрца разважлівае будзе валодаць ведамі, і вуха мудрых шукае ведаў. 16 Дар чалавека пашырае дарогу яго і да кіраўнікоў даводзіць яго. 17 Хто першы гаворыць у спрэчцы — лічыцца справядлівым, а прыходзіць сябар яго і выкрые яго. 18 Жэрабя спыняе спрэчкі і таксама вырашае паміж магутнымі. 19 Брат, якога абражаюць, мацнейшы за моцны горад, а сваркі — як крэпасці гарадоў. 20 З плода вуснаў чалавека насыціцца чэрава яго, а спараджэнні ўласных вуснаў уволю накормяць яго. 21 Смерць і жыццё ў руцэ языка; хто яго любіць — будзе есці плады яго. 22 Хто знайшоў добрую жонку — знайшоў дабро і атрымаў ласку ад Госпада. 23 Калі бедны гаворыць з маленнямі, то багаты будзе гаварыць жорстка. 24 Чалавек можа быць паранены сябрамі, але ёсць сябар, які бліжэй за брата. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)