Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Лепш сухая луста хлеба з супакоем, чым дом, поўны жывёлы, што заколена, са сваркамі.

2 Мудры слуга будзе кіраваць сынамі несумленнымі і паміж братамі падзеліць спадчыну.

3 Як агнём правяраецца срэбра і горнам золата, так сэрцы правярае Госпад.

4 Ліхі чалавек скараецца несправядлівым вуснам, а хітры чалавек скараецца языку лгуна.

5 Хто адцураецца беднага — упікае яго Творцу; а хто цешыцца з пагібелі іншага — не будзе беспакараны.

6 Вянец старых — сыны сыноў, а слава сыноў — бацькі іх.

7 Не ўпрыгожыць бязглуздага складная мова, а кіраўніка — вусны, што лгуць.

8 Падарунак — найкаштоўнейшы самацвет у вачах гаспадара яго, куды б ні пайшоў ён — будзе мець поспех.

9 Хто ўтойвае злачынства — шукае сяброўства, а хто ў размове нагадвае аб ім — раз’ядноўвае саюзнікаў.

10 Вымова мацней уздзейнічае на разважлівага, чым на бязглуздага сто бізуноў.

11 Ліхі заўсёды шукае толькі сварак, і строгі анёл будзе пасланы супраць яго.

12 Лепш сустрэць мядзведзіцу з адабранымі дзіцянятамі, чым бязглуздага, самаўпэўненага ў сваёй бязглуздасці.

13 Хто ліхам за дабро адплачвае, той не мінуе ліха ў доме сваім.

14 Пачатак сварак — гэта прарыў водаў; і пакінь іх, перш чым спрэчка ўзмацніцца.

15 Хто апраўдвае бязбожніка і хто асуджае справядлівага — і той, і другі агідныя для Госпада.

16 Дзеля чаго каштоўнасць у руцэ бязглуздага? Дзеля таго, каб набыць мудрасць, не хапае яму разважлівасці.

17 Сябар любіць ва ўсякі час, а брат народжаны для няшчасця.

18 Бязглузды чалавек звязвае рукі, калі ручаецца за сябра свайго.

19 Хто любіць злачынства — любіць сваркі, а хто ўзвышае дзверы свае — той шукае ўзлому.

20 Той, у каго крывадушнае сэрца, — не знойдзе дабра; а хто хітруе ў размове — трапіць у бяду.

21 Хто родзіць бязглуздага — смутак сабе родзіць, і бацька не пацешыцца з бязглуздага.

22 Радасны дух робіць жыццё квітнеючым, дух сумны высушвае косці.

23 Бязбожнік прымае падарункі з-за пазухі, каб перавярнуць сцежкі законнасці.

24 На твары разважлівага свеціць мудрасць; вочы бязглуздых — на канцах зямлі.

25 Сын бязглузды — гнеў бацькі і пакута для маці, што нарадзіла яго.

26 Нядобра караць справядлівага і біць кіраўніка за слушнасць.

27 Мае розум, хто ў размовах сваіх стрыманы, і хто з пакорлівым духам — той чалавек разважлівы.

28 Таксама і бязглузды, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі сціскае вусны свае.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы