Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Агіднасць для Госпада — вага падманная, а дакладная вага — воля Яго.

2 Прыходзіць пыхлівасць — прыйдзе і ганьба; а ў пакорлівых — мудрасць.

3 Чыстасардэчнасць справядлівых будзе накіроўваць іх, а падкопы крывадушных загубяць іх.

4 У дзень гневу не дапаможа багацце, а справядлівасць выратуе ад смерці.

5 Справядлівасць чыстасардэчнага будзе кіраваць яго дарогай, а бязбожнік загіне ў сваёй бязбожнасці.

6 Справядлівасць справядлівых вызваліць іх, а несправядлівыя будуць захоплены ўласнымі падкопамі.

7 Калі памрэ бязбожнік, ніякай надзеі ў яго больш не будзе; а чаканне багацця загіне.

8 Справядлівы будзе вызвалены ад беднасці, а на месца яго трапіць бязбожнік.

9 Крывадушнік вуснамі падманвае сябра свайго, а справядлівыя будуць вызвалены ведамі.

10 У час росквіту справядлівых радуецца горад, а ў час пагібелі бязбожнікаў будзе пахвала.

11 Дабраславеннем справядлівых узвысіцца горад, а вусны бязбожнікаў разбураць яго.

12 Хто пагарджае сябрам сваім, той бедны на разважлівасць, а разважлівы чалавек будзе маўчаць.

13 Хто ходзіць перашэптваючыся, выяўляе таемнае, а верны душою ўтоіць справу.

14 Дзе няма парадку — народ загіне, а збаўленне там, дзе шматлікія парады.

15 Той будзе вынішчаны ліхам, хто за другога ручаецца; хто ненавідзіць паручыцеляў, той будзе агароджаны ад небяспекі.

16 Паслужлівая жанчына знойдзе славу, а дужыя набудуць багацце.

17 Міласэрны чыніць дабро душы сваёй, а бязлітасны мучыць самога сябе.

18 Бязбожнік робіць ілжывую справу, а для таго, хто сее справядлівасць, — пэўная ўзнагарода.

19 Надзейны чалавек рыхтуецца да справядлівасці, а прыхільнік ліха — да смерці.

20 Агіда для Госпада — сэрца крывадушнае, а ласка Яго — да тых, хто ходзіць прама.

21 Вядома, ліхі чалавек не будзе беспакараны, а нашчадкі справядлівых збавяцца.

22 Залатое кольца ў лычы свінні — гэта прыгожая, але неразумная жанчына.

23 Пажаданне справядлівых — толькі дабро, чаканне бязбожнікаў — абурэнне.

24 Адны дзеляцца ўласным і становяцца багацейшымі, а другія, што занадта беражлівыя, заўсёды ў беднасці.

25 Будзе насычана душа, якая дабраслаўляе; і хто напоіць другіх, той сам таксама будзе напоены.

26 Хто хавае сваё збожжа, той праклінаецца ў народзе, а на галаву тых, якія прадаюць збожжа, — дабраславенне.

27 Хто настойліва шукае дабра — шукае ласкі [Божай], а хто шукальнік ліха — да таго яно і прыйдзе.

28 Хто спадзяецца на багацці свае, загіне, і, як зялёны ліст, будуць расці справядлівыя.

29 Хто турбуе дом свой — атрымае вятры, а хто бязглузды — будзе слугою мудрага.

30 Плод справядлівага — дрэва жыцця; і хто мудры — прыцягвае душы.

31 Калі справядліваму адплачваецца на зямлі, тым больш бязбожніку і грэшніку.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы