ВЫСЛОЎІ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй. 2 Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці. 3 Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць. 4 Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце. 5 Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны. 6 Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць. 7 Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее. 8 Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны. 9 Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты. 10 Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць. 11 Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць. 12 Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі. 13 У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца. 14 Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі. 15 Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх. 16 Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх. 17 Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае. 18 Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны. 19 У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы. 20 Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае. 21 Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца. 22 Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару. 23 Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага. 24 Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца. 25 Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак. 26 Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі. 27 Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца. 28 Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне. 29 Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха. 30 Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі. 31 Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны. 32 Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)