ВЫСЛОЎІ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прыпавесці Саламона, сына Давідава, цара Ізраэльскага, 2 каб спасцігнуць мудрасць і настаўленне, каб зразумець словы мудрасці; 3 каб атрымаць веды ў навучанні: справядлівасць, прыказанне і законнасць; 4 каб простым людзям прыдаць кемлівасці, юнаку — ведаў і развагі. 5 Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць: 6 зверне ўвагу на прытчу і алегорыю, словы мудрых і іх загадкі. 7 Шанаванне Госпада ёсць аснова ведаў. Мудрасці і навучання адцураюцца бязглуздыя. 8 Сыне мой, слухай перасцярогі бацькі свайго і не адхіляй запавету маці сваёй, 9 бо яны — вянок годнасці на галаве тваёй і каралі на шыі тваёй. 10 Сыне мой, калі цябе будуць прыцягваць грэшнікі, не прыставай да іх. 11 Калі яны скажуць: «Пойдзем з намі! Наладзім засаду дзеля забойства, наставім прыхавана пасткі на бязвіннага; 12 праглынём іх, як пекла: тых, што жывуць, і здаровых, як тых, што сыходзяць у магілу; 13 знойдзем усякую каштоўную маёмасць, запоўнім дамы свае здабыткамі; 14 далучы долю сваю да нашай, хай будзе адна кішэнь для ўсіх нас»; 15 сыне мой, не хадзі з імі, утрымай нагу сваю ад іх сцежак. 16 Бо ногі іх бягуць да злачынства і спяшаюцца, каб праліць кроў. 17 Дарэмна закідваецца сетка перад вачамі мноства птушак. 18 Яны наладжваюць засаду дзеля ўласнага забойства і задумваюць злачынствы супраць сваіх душ. 19 Такі шлях у кожнага, хто імкнецца да нарабаванага: захоплівае яно душу таго, хто валодае ім. 20 Мудрасць гукае па плошчах, на вуліцах падымае голас свой, 21 на важнейшым месцы дарог шматлюдных крычыць, каля ўваходу ў гарадскую браму гучаць яе словы: 22 «Дакуль жа, невукі, будзеце любіць невуцтва, а насмешнікі — жадаць для сябе высмейвання, і недасведчаныя — ненавідзець навукі? 23 Звярніцеся да майго выкрывання: вось, удыхну ў вас дух мой і выкажу вам словы мае. 24 Бо вось, я клікала, а вы адмовіліся, працягнула руку сваю, але не было нікога, хто заўважыў бы яе. 25 Вы пагрэбавалі ўсякаю маёю парадаю і адхілілі мае папрокі. 26 Такім чынам, і я буду смяяцца з вашай пагібелі і кпіць буду, калі прыйдзе да вас трывога. 27 Калі накінецца, як бура, страх, і пагібель узнікне, быццам віхура, калі апануе вас бяда і цесната. 28 Тады прызываць будуць мяне, а не выслухаю, рупліва шукаць мяне будуць, а не знойдуць мяне. 29 З-за таго, што настаўленне ненавідзелі і не выбралі страх Госпадаў, 30 не згадзіліся з маёю парадаю і пагрэбавалі ўсім маім выкрываннем. 31 І вось, хай яны спажываюць плён свайго шляху, насычаюцца сваімі парадамі. 32 Адступніцтва невукаў заб’е іх, а нядбаласць бязглуздых загубіць іх. 33 А той, хто слухае мяне, і прытулак ад страху знойдзе, і спакойны будзе, пазбавіўшыся страху перад ліхімі людзьмі». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)