БЫЦЦЁ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І дабраславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: «Расціце, і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю. 2 Хай усе жывёлы, звяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, баяцца вас і дрыжаць перад вамі; усе рыбы марскія аддадзены ў рукі вашы. 3 Усё, што рухаецца і што жыве, будзе вам на ежу, як расліны зямныя, усё даю вам, 4 за выключэннем таго, што ёсць целам з душою, якая ў крыві, — не ежце. 5 Бо спытаю за кроў душ вашых з усіх жывёл; і з [кожнага] чалавека, і з [кожнага] брата яго спытаю за душу чалавека. 6 Хто праліе кроў чалавечую, чалавекам будзе пралітая і яго кроў; бо чалавек створаны на вобраз Божы. 7 А вы расціце і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю». 8 Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім: 9 «Я, вось, усталёўваю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас 10 ды для кожнай жывой душы, якая разам з вамі: ці з ліку птушак, ці з ліку жывёл і ўсіх звяроў зямлі, якія з вамі, — для ўсіх, якія выйшлі з аркі, для ўсіх звяроў зямлі. 11 Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі так, што ўжо болей ніколі не будзе знішчана ніводнае цела водамі патопу ды ўжо ніколі не будзе патопу, што нішчыць зямлю». 12 І сказаў Бог: «А гэта знак пагаднення, які Я даю паміж Мной і вамі і для кожнай душы жывой, якая з вамі, на вечныя пакаленні. 13 Вясёлку Маю пакладу на хмарах, і будзе яна знакам пагаднення паміж Мной і паміж зямлёю. 14 Калі пакрыю аблокамі неба, пакажацца вясёлка Мая на аблоках, 15 і прыгадаю Я пагадненне Маё з вамі і з кожнай душою жывой, з кожным чалавекам: і не будзе болей водаў патопу на пагібель усяго цялеснага. 16 І будзе вясёлка на аблоках, і ўбачу Я яе, і прыгадаю вечнае пагадненне, якое ёсць запаветам паміж Богам і кожнай жывой душою ўсякага цела, якое ёсць на зямлі». 17 І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак пагаднення, якое Я заключыў між Мною і кожным целам на зямлі». 18 Сынамі ж Ноя, якія выйшлі з аркі, былі Сэм, Хам і Яфэт. І менавіта Хам быў бацькам Ханаана. 19 Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля. 20 Ной, які быў земляробам, пачаў садзіць вінаграднік. 21 П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў, аголены, у сваёй палатцы. 22 Хам, бацька Ханаана, убачыўшы галізну бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, якія былі па-за палаткай. 23 Тады Сэм і Яфэт усклалі плашч на плечы свае і, ідучы задам, прыкрылі сорам бацькі свайго; і твары іх былі звернуты назад, і яны не бачылі галізны бацькі свайго. 24 Калі Ной, прачнуўшыся па ап’яненні ад віна, даведаўся, што яму зрабіў яго наймалодшы сын, 25 то сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён паслугачом паслугачоў у братоў сваіх». 26 І сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе яго паслугачом. 27 Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго паслугачом». 28 І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў. 29 І споўнілася ўсіх дзён яго дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)