БЫЦЦЁ 46 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Сэбу, і, склаўшы там ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака, 2 пачуў, як Ён клікаў яго ў начной з’яве: «Якубе, Якубе!» Той адказаў Яму: «Вось я!» 3 І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Не бойся перабірацца ў Егіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там. 4 Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп ускладзе рукі свае на вочы твае». 5 І рушыў далей Якуб з Бээр-Сэбы. І павезлі яго сыны з дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, якія прыслаў фараон, каб прывезці старога, 6 а таксама ўзялі яны ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Егіпет, Якуб і ўсе нашчадкі яго, 7 сыны яго і ўнукі, дочкі і ўвесь род. 8 Такія вось імёны сыноў Ізраэля, якія прыйшлі ў Егіпет, ён з дзецьмі сваімі: першародны Рубэн. 9 Сыны Рубэна: Гэнох, і Паллю, і Хэцрон, і Хармі. 10 Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар і Саўл, сын хананейкі. 11 Сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары. 12 Сыны Юды: Гэр, і Анан, і Шэла, і Пэрэс, і Зара. Але Гэр і Анан памерлі ў зямлі Ханаан. Сыны Пэрэса былі: Эсром і Гамул. 13 Сыны Ісахара: Тола, і Пува, і Ясуб, і Сэмрон. 14 Сыны Забулона: Сарэд, і Элон, і Яхэлэль. 15 Гэта сыны Ліі, якіх нарадзіла яна яму ў Падан-Араме, а таксама Дзіну, дачку сваю. Усіх душ сыноў яго і дачок трыццаць тры. 16 Сыны Гада: Сэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Арод, і Арэлі. 17 Сыны Асэра: Емна, і Ешуа, і Ішві, і Бэрыя і іх сястра Сараі. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мэлхіэль. 18 Гэта сыны Зільпы, якую даў Лабан дачцэ сваёй Ліі, а яна нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць душ. 19 Сыны Ракелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэньямін. 20 Язэпу нарадзіліся ў Егіпце сыны, якіх нарадзіла яму Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага: Манаса і Эфраім. 21 і Сыны Бэньяміна: Бэла і Бахор, і Асбэл, Гэра і Нааман, і Эхі, і Рош, Мапім і Хупім, і Арэд. 22 Гэта сыны Ракелі, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх чатырнаццаць душ. 23 Сын Дана: Хусім. 24 Сыны Нэфталі: Ясіэль, і Гуні, і Язэр, і Шылем. 25 Гэта сыны Більгі, якую даў Лабан Ракель, сваёй дачцэ, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх сем душ. 26 Усіх душ, якія прыбылі з Якубам у Егіпет і выйшлі з яго сцёгнаў, было агулам, апроч жонак сыноў яго, шэсцьдзесят шэсць. 27 Сыноў жа Язэпа, якія яму нарадзіліся ў зямлі Егіпта, было дзве душы. Усіх душ дому Якуба, якія прыбылі ў Егіпет, было семдзесят. 28 І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб той паведаміў і прыйшоў у Гашэн. 29 І прыйшлі яны ў зямлю Гашэн. Язэп, запрэгшы сваю калясніцу, выехаў насустрач бацьку свайму ў Гашэн; і, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю, і, абняўшы, доўга плакаў. 30 І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер я спакойна памру, бо ўбачыў аблічча тваё і ведаю, што ты жывы!» 31 А той сказаў братам сваім і ўсёй сям’і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і сям’я бацькі майго, якія пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне. 32 Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваннем жывёлы; жывёлу дробную, буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі яны з сабою”. 33 Калі пакліча ён вас і запытае: “Чым вы займаецеся?” — 34 вы адкажаце: “Мы, паслугачы твае, — пастухі ад дзяцінства нашага і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашы”. Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца ўсе егіпцяне пастухамі авечак». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)