БЫЦЦЁ 44 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І загадаў Язэп аканому дому свайго, кажучы: «Напоўні збожжам іх мяхі, колькі могуць змясціць, і пакладзі грошы кожнага наверсе меха. 2 А ў адтуліну меха малодшага пакладзі чару маю срэбраную і плату, якую ён даў за пшаніцу». Так і было зроблена. 3 І назаўтра, калі развіднела, яны былі адпушчаны з асламі сваімі. 4 Ледзь, аднак, выбраліся яны з горада і крыху прайшлі, Язэп, паклікаўшы аканома дому, сказаў яму: «Уставай, і дагані людзей, і, затрымаўшы, скажы: “Чаму адгадзілі вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне срэбраную чару? 5 Хіба ж гэта не тая, з якой п’е гаспадар мой і на якой ён звычайна варожыць? Вялікае ліха вы ўчынілі!”» 6 І зрабіў той, як ён загадаў, і, затрымаўшы іх, па парадку сказаў [усё гэта]. 7 Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Немагчыма, каб паслугачы твае ўчынілі гэткую ганебную справу. 8 Грошы, якія мы знайшлі наверсе мяхоў, мы прынеслі табе назад з зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасці золата ці срэбра з дому гаспадара твайго? 9 У якога з паслугачоў тваіх знойдзецца, што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем паслугачамі гаспадара нашага». 10 Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэнні: у каго будзе знойдзена, ён будзе паслугачом маім. Вы ж будзеце невінаватыя». 11 І так паспяшаліся, зняўшы мяхі на зямлю, і паадкрывалі кожны. 12 І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чару ў мяху Бэньяміна. 13 І яны, з жалю раздзёршы адзенне і ўсклаўшы зноў мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад. 14 І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа — а ён быў яшчэ дома, — і ўсе разам укленчылі перад ім. 15 І ён сказаў ім: «Чаму вы надумалі так зрабіць? Ці вы не ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў майстэрстве варажбы?» 16 Юда адказаў яму: «Што адказаць нам гаспадару нашаму? Што прамовіць? Чым можна апраўдацца? Бог выявіў несправядлівасць паслугачоў тваіх. Што ж, мы ўсе — паслугачы гаспадара майго: і мы, і той, у каго знойдзена чара». 17 Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чару, хай той будзе паслугачом маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго». 18 Тады Юда, падышоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа паслугач твой словы ў вушы твае, ды не гневайся на паслугача твайго, бо ты — як фараон! 19 Гаспадар мой спытаў перш паслугачоў сваіх: “Ці маеце бацьку або брата?” 20 А мы адказалі гаспадару майму: “Ёсць у нас бацька стары і хлопец малады, які ў старасці яго нарадзіўся, якога родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маці сваёй, бацька таму пяшчотна любіць яго”. 21 І сказаў ты паслугачам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, я ўзніму вочы мае на яго”. 22 Мы даказвалі гаспадару майму: “Не можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо, калі яго пакіне, той памрэ”. 23 Тады сказаў ты паслугачам тваім: “Калі не прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш не ўбачыце аблічча майго”. 24 Дык калі мы прыйшлі да паслугача твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар мой, 25 то сказаў бацька наш: “Вярніцеся і купіце для нас крыху пшаніцы”. 26 Яму мы сказалі: “Пайсці мы не можам. Калі брат наш наймалодшы пойдзе разам з намі, то пойдзем і мы, інакш, без яго, не зможам мы ўбачыць аблічча таго чалавека”. 27 На гэта паслугач твой, бацька мой, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне дваіх. 28 Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: “Дзікі звер з’еў яго!” І дасюль не аб’явіўся. 29 Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у апраметную”. 30 Дык, калі ўвайду я да паслугача твайго, бацькі майго, і хлопца не будзе, — бо жыццё бацькі залежыць ад яго жыцця 31 і ўбачыць, што яго з намі няма, — то ён памрэ; і звядуць паслугачы твае сівізну яго з жалем у апраметную. 32 Паслугач твой даў прысягу бацьку свайму за хлопца: калі не вярну яго, цяжка зграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыццё. 33 Дык застануся я, паслугач твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі. 34 Бо не магу вярнуцца да бацькі майго без хлопца, каб не быць сведкам няшчасця, якое нахлыне на бацьку майго». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)