БЫЦЦЁ 40 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім. 2 І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў, 3 адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп. 4 І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час. 5 Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе. 6 І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі, 7 то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?» 8 Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі». 9 Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст, 10 на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады. 11 І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону». 12 Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні, 13 па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў. 14 Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы. 15 Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму». 16 А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі 17 і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе». 18 Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні. 19 Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё». 20 Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў. 21 І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару, 22 а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп. 23 Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)