БЫЦЦЁ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Чалавек жа пазнаў жонку сваю Еву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Здабыла я чалавека з волі Госпада». 2 А потым нарадзіла брата яго Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам. 3 І сталася па нейкім часе, што Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі, 4 а Абэль складаў таксама з першынцаў статка свайго і з іх тлустасці, дык Госпад зірнуў на Абэля і дар яго, 5 а на Каіна і дар яго не зірнуў. Моцна ўзлаваўся Каін, і панурым сталася аблічча яго. 6 І сказаў Госпад яму: «Чаго ты раззлаваўся і чаго пануры твар твой? 7 Хіба, калі ты робіш добра, не падымеш твару? А калі блага, грэх будзе цікаваць у дзвярах, і да яго будзе пажада твая, а ты павінен панаваць над ім». 8 І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: «Хадзем вонкі». А калі былі ў полі, Каін паўстаў супраць брата свайго Абэля і забіў яго. 9 Тады Госпад кажа Каіну: «Дзе брат твой Абэль?» Ён адказаў: «Не ведаю. Ці ж я вартаўнік брату свайму?» 10 І сказаў яму: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі. 11 Дык цяпер будзь пракляты зямлёй, якая адкрыла вусны свае і прыняла кроў брата твайго з рукі тваёй! 12 Калі яе абрабляць будзеш, не дасць яна ўжо больш табе пладоў сваіх; выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!» 13 І сказаў Каін Госпаду: «Большая кара мая, чым знесці мне. 14 Вось, адкідаеш мяне сёння ад аблічча зямлі, і ад аблічча Твайго я схаваюся і буду выгнанцам і ўцекачом на зямлі; дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне». 15 І сказаў яму Госпад: «Гэтак не будзе, але кожны, хто заб’е Каіна, — у сем разоў будзе пакараны!» І паклаў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго. 16 Пасля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад краіны Эдэн. 17 І вось пазнаў Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Гэноха. І пабудаваў горад і назваў яго ад імя сына свайго — Гэнох. 18 Гэнох, у сваю чаргу, быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мавіяэля, а Мавіяэль быў бацькам Матусаэля, а Матусаэль быў бацькам Ламэха. 19 Ламэх узяў дзвюх жонак. Імя адной — Ада, а другой — Сэла. 20 Ада нарадзіла Явэла; гэта ён быў прабацькам тых, якія пражывалі ў палатках, і пастухоў. 21 І імя брата яго Ювал; гэта ад яго вядуцца ўсе, хто гралі на гуслях і на флейце. 22 Сэла таксама нарадзіла Тубалкаіна; ён быў рамеснікам і кавалём, які рабіў усе прылады з медзі і жалеза. Сястрой Тубалкаіна была Наэма. 23 Ламэх сказаў сваім жонкам: «Ада і Сэла, паслухайце, што я скажу! Жонкі Ламэха, зважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечанне сваё. 24 У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха — у семдзесят сем». 25 І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог нашчадка іншага ў замену за Абэля, якога забіў Каін». 26 У Сэта нарадзіўся сын, якога той назваў Энос. Тады пачалі прызываць імя Госпада. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)