БЫЦЦЁ 38 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека адаламіта на імя Хіра. 2 І ўбачыў там дачку аднаго хананея на імя Шуа, і, узяўшы яе за жонку, увайшоў да яе. 3 Яна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Гэр. 4 І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала Анан. 5 І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэла. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла. 6 Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку на імя Тамар. 7 І першародны сын Юды Гэр быў нягодны ў вачах Госпада, і Ён паслаў на яго смерць. 8 Тады Юда сказаў Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго і жыві з ёй, каб вырасціць брату свайму нашчадкаў». 9 А той, ведаючы, што нашчадкі не будуць яго, уваходзячы да жонкі брата свайго, семя зліваў на зямлю, каб не нарадзіліся нашчадкі з імем брата. 10 Дзеля таго і на яго паслаў Госпад смерць, бо гнюсную справу чыніў ён. 11 З гэтай прычыны Юда сказаў Тамар, нявестцы сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль не вырасце Шэла, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты яго. А яна пайшла і жыла ў доме бацькі свайго. 12 І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тамну да стрыгуноў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра адаламіт. 13 І нехта паведаміў Тамар, што свёкар яе выбіраецца ў Тамну стрыгчы авечак. 14 І яна, скінуўшы шаты ўдоўскія, пакрыла сябе вэлюмам і, змяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, якая ідзе ў Тамну. Шэла вырас, а яна не атрымала яго за мужа. 15 І калі ўбачыў яе Юда, ён падумаў, што яна блудніца, бо прыкрыла твар свой. 16 Павярнуўшы да яе на дарозе, ён сказаў: «Хадзем, хачу з табой пагуляць», а не ведаў ён, што гэта яго нявестка. А калі яна запыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?» — 17 ён сказаў: «Пашлю табе казляня са статка». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш яго?» 18 Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ад сувязі з ім жанчына пачала. 19 Потым паднялася яна, і пайшла, і, зняўшы вэлюм, апранулася зноў ва ўдоўскія шаты. 20 А Юда паслаў казляня праз сябра свайго адаламіта, каб вярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, калі не знайшоў яе, 21 распытваўся ў людзей таго месца: «Дзе блудніца, якая сядзела пры дарозе ў Энайм?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы». 22 Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца». 23 І кажа Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не смяяліся. Я паслаў казляня, якое абяцаў, але ты яе не знайшоў». 24 І вось, па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая нявестка Тамар аддалася распусце і зацяжарала з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена». 25 А калі яе выводзілі на пакаранне, яна паслала да свайго свёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, якога гэтыя рэчы. Пазнавай, чыя пячатка, пасак і кій». 26 І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не аддаў яе Шэлу, сыну майму!» І болей да яе не ўваходзіў. 27 І калі настаў час нараджаць, выявілася, што мае ва ўлонні двайнятаў. У час родаў адно з дзяцей высунула ручку, на якую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: 28 «Гэты выйшаў першы». 29 Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат яго. І сказала жанчына: «Як ты зламаў сабе перагароду?» І з той прычыны было дадзена імя яму Пэрэс. 30 А па ім выйшаў брат яго, у якога на руцэ была стужка; і ён названы Зара. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)