Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 37 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па якой вандраваў бацька яго.

2 Вось радавод Якуба. Язэп, калі меў семнаццаць гадоў, яшчэ юнаком пасвіў статак разам з братамі сваімі; і быў ён разам з сынамі Більгі і Зільпы, жонак бацькі свайго; і паведамляў ён бацьку благія чуткі пра іх.

3 А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што нарадзіўся ён у яго старасці, і справіў яму доўгую кашулю.

4 І браты яго, бачачы, што бацька любіць яго болей за ўсіх сыноў, зненавідзелі яго і не маглі з ім спакойна гаварыць.

5 І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім убачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісці да яго.

6 Ён казаў ім: «Паслухайце сон мой, што я бачыў:

7 снілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і быццам бы сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі мой сноп і пакланіліся яму».

8 І сказалі яму браты: «Няўжо ты будзеш нашым царом? І няўжо будзеш валадарыць над намі, і будзем у тваёй уладзе?» І яшчэ горш яго зненавідзелі з прычыны яго сноў і слоў.

9 А потым убачыў ён яшчэ іншы сон і, распавядаючы яго, так сказаў братам сваім: «Снілася мне, быццам сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».

10 А калі гэта расказваў свайму бацьку і братам, бацька яго пасварыўся на яго і сказаў: «Што можа значыць гэты сон, які ты ўбачыў? Ці ж я і маці твая, і браты твае будзем кланяцца табе аж да зямлі?»

11 Дык браты яго зайздросцілі яму, а бацька абдумваў гэта моўчкі.

12 І калі яго браты, пасвячы бацькавы статкі, прабывалі ў Сіхэме,

13 сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасвяць авечак у Сіхэме, ідзі, пашлю цябе да іх». Калі ж ён адказаў:

14 «Я гатовы», той гаворыць яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку з братамі тваімі і з жывёлай, і раскажы мне, як справы». І паслаў яго з даліны Геброна, і прыбыў ён у Сіхэм.

15 І вось, напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.

16 А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасвяць статак?»

17 І сказаў яму чалавек: «Пайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: “Хадзем у Датайн”». І падаўся Язэп следам за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датайне.

18 Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, перш, чым падышоў ён да іх, надумаліся яго забіць.

19 І гаварылі адзін аднаму: «Вось, сненнік ідзе,

20 хадзем, заб’ём яго і ўкінем у адну са студняў, і скажам, што дзікі звер яго з’еў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны яго».

21 Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іх і сказаў:

22 «Не будзем забіваць яго. Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, якая ёсць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іх і вярнуць бацьку яго.

23 І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа знялі з яго доўгую кашулю

24 і ўкінулі яго ў студню, якая была без вады.

25 І селі яны, каб з’есці хлеба, а калі паднялі вочы, убачылі падарожнікаў ізмаэліцкіх, што ехалі з Галаада, і іх вярблюдаў, якія неслі жывіцу, трагакант, масціку і ладан у Егіпет.

26 Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам за карысць, калі заб’ём брата нашага і схаваем кроў яго?

27 Лепш прадаць яго ізмаэльцам, і рукі нашы не спаганім. Ён усё ж брат наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.

28 І калі купцы мадыянскія ішлі паўз іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго ізмаэльцам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі яго ў Егіпет.

29 А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,

30 дык разарваў на сабе адзенне, і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»

31 І ўзялі яны тады адзенне яго, і памачылі ў кроў казла, якога забілі,

32 і паслалі да бацькі, каб прынеслі і сказалі: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, ці гэта доўгая кашуля сына твайго, ці не?»

33 І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж кашуля сына майго, драпежнік з’еў яго; дзікі звер разарваў Язэпа».

34 І разадраў ён адзенне, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.

35 І калі сабраліся ўсе дзеці яго, каб суцішыць боль бацькі, не хацеў ён слухаць суцяшэнняў і казаў: «Са смуткам пайду за сынам маім у апраметную». І плакаў па ім бацька яго.

36 А мадыянцы прадалі Язэпа ў Егіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы