БЫЦЦЁ 32 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Якуб таксама адышоў дарогаю, якую распачаў, — і перанялі яго анёлы Божыя. 2 Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта лагер Божы», і гэтае месца назваў Маханаім. 3 І выправіў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасць Эдом. 4 І загадаў ён ім, кажучы: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: “Гэта кажа паслугач твой Якуб: “Як вандроўнік, заставаўся я аж да сённяшняга дня ў Лабана. 5 Маю валоў і аслоў, авечак, паслугачоў і паслугачак. І выпраўляю цяпер пасольства да гаспадара майго, каб знайсці ласку перад абліччам тваім”». 6 І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён спяшаецца насустрач табе з чатырмастамі людзьмі». 7 Спалохаўся вельмі Якуб і, напужаны, падзяліў народ, які з ім быў, і статкі таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два лагеры. 8 І казаў: «Калі Эзаў прыйдзе да аднаго лагера і паб’е яго, то другі лагер, які застанецца, будзе ўратаваны». 9 І сказаў Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпад, Які сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю і ў месца нараджэння свайго, і Я буду апекавацца табою!” 10 Я не настолькі варты ўсякай міласцівасці і вернасці ўсякай, якою забяспечваеш Ты паслугача Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума лагерамі. 11 Вырві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я вельмі баюся яго; каб часам, прыйшоўшы, не забіў ён маці з дзецьмі. 12 А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і пашырыш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасці не можа быць палічаны». 13 І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з таго, што меў, падарункі Эзаву, брату свайму: 14 дзвесце коз, дваццаць казлоў, дзвесце авечак і дваццаць бараноў, 15 трыццаць вярблюдзіц дойных разам з вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асліц і дзесяць іх аслянят, 16 і перадаў у рукі паслугачоў сваіх кожны статак паасобку, і сказаў рабам сваім: «Ідзіце перада мною, і хай будзе прамежак паміж кожным статкам». 17 І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, за якім ты ідзеш?”, 18 то ты адкажаш: “Паслугача твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву. І сам ён ідзе за намі”». 19 Падобны загад даў ён другому, і трэцяму, ды ўсім, якія ішлі са статкамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго, 20 і дадасцё: “І ён, паслугач твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”». І сказаў ён: «Улагоджу яго дарамі, якія мне папярэднічаюць, а потым убачу аблічча яго; можа, будзе ласкавы да мяне». 21 Так вось папярэдзілі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у лагеры. 22 А калі ўстаў раніцай, узяў дзвюх жонак сваіх і дзвюх іх нявольніц з адзінаццаццю дзецьмі і перайшоў бродам Ябок. 23 І, узяўшы і пераправіўшы іх і ўсё, што яму належала, праз ручай, 24 застаўся ён сам адзін. І вось, Нехта дужаўся з ім аж да раніцы. 25 І калі Той убачыў, што не можа яго перамагчы, дакрануўся да сустава сцягна яго, і тут жа быў вывіхнуты сустаў сцягна ў Якуба, калі ён дужаўся з Ім. 26 І сказаў Той: «Пусці Мяне, бо ўжо ўзышла зараніца». Адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне». 27 Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказаў: «Якуб». 28 А Той кажа: «Ніколі ўжо больш не будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і людзей перамагаць будзеш!» 29 І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы. 30 І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам у твар, і збераглася душа мая». 31 І паднялося над ім сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сцягно сваё. 32 З гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылу, якая на сцягне, аж да сённяшняга дня, таму што закрануў [Ён] жылу сцягна Якуба. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)