БЫЦЦЁ 29 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, выправіўшыся, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу. 2 І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры статкі авечак, якія ляжалі каля яе, бо з яе паілі жывёлу, а вусце студні было прыкрыта вялікім каменем. 3 І быў звычай, што калі збіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і, па напаенні статкаў, зноў ускладалі на вусце студні. 4 І звярнуўся ён да пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харана». 5 Запытаўся ён іх: «А ці ведаеце Лабана, сына Нахора?» Яны адказалі: «Ведаем». 6 «Ці здаровы ён?» — пытаецца. — «Здаровы, — адказваюць, — а вось і дачка яго Ракель прыйшла са статкам». 7 І сказаў ён: «Яшчэ многа дня застаецца, і не час зганяць статкі, дайце піць авечкам і зноў завядзіце іх на выган». 8 Яны ж сказалі: «Не можам, пакуль не збярэцца ўся жывёла, і тады адсунем камень ад вусця студні, каб напаіць статкі». 9 Калі так Якуб з імі размаўляў, вось, Ракель падышла з авечкамі бацькі свайго; бо яна сама пасвіла статак. 10 І калі Якуб убачыў Ракель, дачку Лабана, брата маці сваёй, а таксама авечак Лабана, брата маці сваёй, падышоў, адсунуў камень ад вусця студні 11 і напаіў статак Лабана, брата маці сваёй. Потым Якуб пацалаваў Ракель і расплакаўся ўголас; 12 і сказаў ёй, што ён сваяк бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і паведаміла бацьку свайму. 13 Той, калі пачуў, што прыйшоў Якуб, сын сястры яго, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. І, пачуўшы пра ўсё, што адбылося, 14 сказаў: «Ты сапраўды косць мая і цела маё!» І пасля таго, як Якуб пражыў у яго цэлы месяц, 15 сказаў яму Лабан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату прымеш?» 16 А меў ён дзве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Ракель. 17 Лія на вочы была слабая, а Ракель была складная і мілага выгляду. 18 Якуб, паколькі яе пакахаў, сказаў: «Буду табе служыць за Ракель, дачку тваю малодшую, сем гадоў». 19 Лабан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому чалавеку, заставайся ў мяне». 20 І служыў Якуб за Ракель сем гадоў, і здаваліся яму кароткімі дні дзеля вялікай любові. 21 І сказаў ён Лабану: «Прамінуў ужо час, дай мне жонку маю, каб я ўвайшоў да яе». 22 Той, склікаўшы ўсіх людзей мясцовасці на баль, зрабіў вяселле. 23 А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў да яго, і ён увайшоў да яе. 24 І даў Лабан паслугачку на імя Зільпа для дачкі. Калі развіднела, агледзеўся, што гэта была Лія. 25 І сказаў ён цесцю свайму: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Ракель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?» 26 Лабан адказаў: «У нашай мясцовасці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай. 27 Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дам табе і другую, за якую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў». 28 Той пагадзіўся, і, калі прайшоў тыдзень, даў яму Лабан дачку сваю Ракель за жонку. 29 Ён даў ёй паслугачкаю Більгу. 30 І Якуб увайшоў таксама да Ракелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у яго яшчэ сем гадоў. 31 А Госпад, бачачы, што пагарджаў Ліяй, адкрыў яе ўлонне, а Ракель была няплоднай. 32 І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Убачыў Госпад маё ўпакарэнне, цяпер муж мой будзе мяне любіць». 33 А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Паколькі Госпад пачуў, што я занядбана, то даў мне і гэтага», і назвала яго імем Сімяон. 34 Пачала ў трэці раз, і нарадзіла яшчэ сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне за тое, што я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві. 35 Чацвёрты раз пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)