Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаана.

2 Устань, ідзі ў Падан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лабана, дзядзькі твайго.

3 А Бог Усемагутны хай цябе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасць табе шматлікіх нашчадкаў, каб стаўся ты мноствам народаў.

4 І хай дасць Ён табе дабраславенні Абрагама табе і патомству твайму разам, каб валодаў ты зямлёю вандравання твайго, якую паабяцаў Бог дзеду твайму».

5 І выправіў Ізаак яго ў дарогу, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лабана, сына Бэтуэля, арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.

6 А Эзаў, бачачы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Падан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што пасля дабраславення загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаана»,

7 і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Падан-Арам,

8 і, пераканаўшыся таксама, што яго бацька не любіць дачок Ханаана,

9 пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Набаёта.

10 А Якуб выйшаў з Бээр-Сэбы і накіраваўся далей у Харан.

11 І калі прыйшоў ён да нейкага месца і захацеў там заначаваць, бо ўжо сонца зайшло, падняў ён [адзін] з камянёў, што ляжалі, і, падклаўшы сабе пад галаву, заснуў на гэтым месцы.

12 І ўбачыў ён ува сне лесвіцу, што абапіралася на зямлю, а верхам дакраналася да неба, і таксама анёлаў Божых, якія ўзнімаліся і спускаліся па ёй.

13 І Госпада, Які абапіраўся на лесвіцу і гаварыў яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой спіш, Я дам табе і нашчадкам тваім.

14 І будзе патомства тваё, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў нашчадках тваіх усе пакаленні зямлі будуць дабраславёныя.

15 І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты ні пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль не споўню, што табе абяцаю».

16 Калі Якуб прабудзіўся ад сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я не ведаў».

17 І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсць гэтае месца! Не што іншае тут, як хіба дом Божы і брама нябесная».

18 Дык, устаўшы раніцай, Якуб узяў камень, які падклаў сабе пад галаву, і паставіў як памятны знак, паліўшы зверху алеем.

19 І даў імя месцу гэтаму Бэтэль, а раней горад называўся Луз.

20 І даў Якуб такую прысягу: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасць мне хлеб есці і адзенне апранацца,

21 і калі шчасліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе і мне Богам,

22 то гэты камень, які я паставіў як памятны знак, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы