БЫЦЦЁ 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось, Ізаак састарэў, і падслеплі вочы яго, і ён не мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сыне мой!» Ён адказаў: «Вось я». 2 Бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў і не ведаю дня смерці сваёй. 3 Дык вазьмі рыштаванне сваё, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляванні што здабудзеш, 4 прыгатуй мне з таго страву, сам ведаеш, якую хачу, і прынясі, каб я паеў, і дабраславіць цябе душа мая, перш чым памру». 5 А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесці, 6 а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я, вось, чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму: 7 “Прынясі мне дзічыны з палявання твайго і зрабі мне ежу, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш чым памру”. 8 Дык цяпер, сыне мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе. 9 Паспяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казлянят, а я зраблю з іх бацьку твайму ежу, якой ён вельмі любіць ласавацца. 10 Як прынясеш яе бацьку твайму, ён з’есць і дабраславіць цябе, перш чым памрэ». 11 Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, валасаты чалавек, а я гладкі. 12 Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў ён, што я захацеў ашукаць яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславенне». 13 Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сыне мой, толькі паслухай, што я кажу, і паспяшы прынесці, што я загадала». 14 І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, якую, як ведала, хацеў бацька яго, 15 і апранула яго ў самае добрае адзенне Эзава, якое мела ў сябе дома. 16 Рукі яго абкруціла шкуркамі казлінымі і таксама шыю закрыла. 17 І дала яна найлепшую страву і хлябы, якія спякла, у рукі сына свайго, Якуба. 18 І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацьку мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сыне мой?» 19 Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еж з упалявання майго, каб дабраславіла душа твая мяне». 20 І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсці дзічыну, сыне мой?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, што трапілася мне». 21 І сказаў Ізаак Якубу: «Ідзі сюды, каб дакрануцца да цябе, сыне мой, і праверыць, ці ты — сын мой Эзаў, ці не?» 22 І падышоў ён да бацькі, а той, намацаўшы яго, сказаў: «Голас быццам Якуба, але рукі, рукі Эзава». 23 І не апазнаў яго, бо касматыя рукі яго надавалі падабенства да старэйшага, і дабраславіў яго. 24 І кажа: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я». 25 А ён кажа: «Прынясі мне з’есці, што ты ўпаляваў, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І калі з’еў ён прынесенае, ён паднёс яму таксама віно. Пакаштаваўшы яго, 26 сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сыне мой». 27 Ён падышоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзення яго, дабраславіўшы яго, сказаў: «Вось жа, пах сына майго, як водар поля запоўненага, якое дабраславіў Госпад. 28 Хай дасць табе Бог расы з неба і шчодрасці зямлі, і ўраджайнасці збожжа, і віна. 29 Хай служаць табе народы і пакланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі сваімі, і хай аддаюць табе паклон сыны маці тваёй! Кожны, хто будзе праклінаць цябе, хай будзе пракляты; і хто будзе дабраслаўляць, хай будзе дабраславёны». 30 Толькі Ізаак скончыў дабраслаўляць Якуба і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, прыйшоў Эзаў, брат яго, 31 і прынёс звараную ежу з упалявання, і сказаў бацьку: «Устань, бацьку мой, і еж з упалявання сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая». 32 І сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я — сын твой першародны, Эзаў». 33 Ізаак устрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто гэта быў, хто толькі што прынёс мне ўпаляваную дзічыну, і я еў яе перш, чым ты прыйшоў? І я дабраславіў яго, і ён будзе дабраславёны!» 34 Калі Эзаў пачуў словы бацькі, залямантаваў ён моцна і надзвычай горка і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенне, мой тата!» 35 Той сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенне!» 36 Тады дадаў Эзаў: «Справядліва назвалі яго на імя Якуб; ці не з прычыны таго, што ашукаў ён мяне і ў другі раз: раней забраў у мяне першародства, а цяпер выкраў ад мяне дабраславенне!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенне?» 37 Ізаак адказаў: «Устанавіў, вось, я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго збожжам і віном, дык што мне зрабіць для цябе, мой сыне?» 38 І сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці ж ты маеш толькі адно дабраславенне, мой тата? Дабраславі таксама і мяне!» І калі Эзаў расплакаўся ўголас, 39 Ізаак, узрушаны, сказаў яму: «Вось, пазбаўленая шчодрасці зямлі будзе месцам жыхарства твайго, а да таго ж пазбаўленая расы з неба, 40 з меча Твайго жыць будзеш і будзеш паслугачом твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго са сваіх плячэй». 41 Дык зненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславення, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі пройдуць дні жалобы па бацьку маім, заб’ю Якуба, брата свайго». 42 Калі Рэбэцы паведамілі пра тое, што казаў Эзаў, старэйшы сын яе, паслала яна паклікаць Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе. 43 Дык вось, сыне мой, паслухай, што я скажу, і, рана ўстаўшы, уцякай да Лабана, брата майго, у Харан. 44 Пажывеш з ім нейкі час, пакуль не суцішыцца абурэнне брата твайго, 45 а калі праміне абурэнне яго, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Нашто мне ў адзін дзень губляць аднаго і другога сына?» 46 І сказала Рэбэка Ізааку: «Не мілае мне жыццё праз дачок Хета. Калі Якуб возьме сабе жонку з дачок Хета, як і з дачок гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)