БЫЦЦЁ 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нагэб, і абжыўся між Кадэсам і Сурам, і качаваў па Герару. 2 І сказаў ён пра Сару, жонку сваю: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, цар Герара, паслаў [за ёй] і забраў яе. 3 І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сне і кажа яму: «Вось, ты памрэш з-за жанчыны, якую ўзяў, бо яна мае мужа». 4 А Абімэлех не дакранаўся да яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць? 5 Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чысціні рук маіх я зрабіў гэта». 6 І сказаў яму Бог ува сне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму засцярог цябе, каб ты не зграшыў адносна Мяне, і не дапусціў, каб ты дакрануўся да яе. 7 Цяпер вось вярні жонку мужу яе, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш смерцю ты і ўсе, хто твае». 8 І зараз жа раніцай, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх паслугачоў сваіх і пераказаў ім усе гэтыя словы ў вушы іх. І людзі дужа спалохаліся. 9 І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я зграшыў перад табой, што ты навёў на мяне і на царства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне». 10 І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?» 11 Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месцы, напэўна, няма страху Божага, дык заб’юць мяне з-за жонкі маёй. 12 Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але не дачка маці маёй. І я ўзяў яе за жонку. 13 Калі Бог учыніў так, што я пайшоў з дому бацькі майго, я сказаў: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”». 14 Дык узяў Абімэлех авечак, і валоў, і паслугачоў, і паслугачак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку яго, 15 і сказаў: «Вось, зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві». 16 А Сары сказаў ён: «Вось, даю брату твайму тысячу сікляў срэбра. Вось, хай гэта будзе табе для прыкрыцця вачэй усім тым, хто разам з табой, што ты без віны». 17 І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха, і жонку, і паслугачак яго, і яны маглі нараджаць. 18 Бо Госпад закрануў бясплоднасцю ўсе ўлонні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)