Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 18 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І з’явіўся Госпад Абрагаму паблізу дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую спякоту дня.

2 Калі ён падняў вочы, з’явіліся перад ім тры чалавекі, якія стаялі каля яго. Калі ён убачыў іх, то паспяшаўся ад дзвярэй палаткі сваёй насустрач, і пакланіўся да зямлі,

3 і сказаў: «О Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку ў вачах Тваіх, не мінай паслугача Свайго.

4 Хай прынясуць крыху вады, і абмыйце ногі вашы ды адпачніце пад дрэвам.

5 А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца ваша, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да паслугача свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».

6 І паспяшыў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і спячы ў попеле хлеб».

7 А сам пабег да статка, і адтуль прынёс найсыцейшае і самае лепшае цяля, і даў яго слузе; той вельмі хутка прыгатаваў яго.

8 І прынёс таксама масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паставіў перад імі. Сам жа стаяў паблізу іх пад дрэвам; і яны елі.

9 І спыталі ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».

10 І сказаў яму: «Калі ў гэты час зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара засмяялася каля ўваходу ў палатку, бо стаяла па-за ёю.

11 Бо былі абое старыя, пажылога ўзросту, і звычайныя жаночыя аб’явы ў Сары спыніліся.

12 Усміхнулася яна патаемна, думаючы: «Калі ўжо я састарэла, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»

13 І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго смяецца Сара і кажа: “Ці сапраўды магу нарадзіць старая?”

14 Ці ж для Госпада ёсць што немагчымае? Калі вярнуся да цябе ў гэты самы час, Сара будзе мець сына».

15 А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не смяялася», бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, ты смяялася!»

16 Калі ж тыя людзі падняліся адтуль, то накіравалі вочы свае на Садом, а Абрагам ішоў разам, праводзячы іх.

17 І сказаў Госпад: «Ці ж змагу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць,

18 калі ён станецца народам вялікім і наймагутнейшым, і ў ім дабраславёныя будуць усе народы зямлі?

19 Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».

20 І сказаў Госпад: «Скарга на Садом і на Гамору павялічылася, і грэх іх надта цяжкі.

21 Дык выйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на справе, ці не?»

22 І павярнулі людзі адтуль, і накіраваліся ў Садом. А Абрагам усё стаяў перад Госпадам.

23 І, падышоўшы, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам з бязбожным?

24 Калі, выпадкам, у горадзе будзе пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім?

25 Не рабі гэткім чынам, каб загубіў Ты справядлівага ды з бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж суддзя ўсёй зямлі ўчыніць несправядлівасць?»

26 Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».

27 І зноў Абрагам прамовіў у адказ: «Вось жа, пачаў я прамаўляць да Госпада майго, хоць я пыл і парахня.

28 А што, калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля [нястачы] пяці знішчыш увесь горад?» Ён кажа: «Не знішчу, калі знайду там сорак пяць».

29 Зноў звярнуўся да Яго: «Калі б, выпадкам, было там толькі сорак?» Кажа: «Не зруйную дзеля сарака».

30 «Не гневайся, прашу, — кажа, — Госпадзе мой, што папытаюся. А калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў: «Не ўчыню, калі знайду там трыццаць».

31 «Вось, — кажа, — пачаў я прамаўляць да Госпада майго. А калі часам знойдзецца там дваццаць?» Сказаў: «Не заб’ю дзеля дваццаці».

32 «Прашу, кажа, не гневайся, Госпадзе мой, што спытаюся яшчэ раз. Можа, часам, знайшлося б там дзесяць?» Адказаў: «Не знішчу дзеля дзесяці».

33 І, скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а той вярнуўся ў сваё месца.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы