БЫЦЦЁ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось гэтыя нашчадкі сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. Па патопе нарадзіліся ім сыны. 2 Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тубал, Масок і Тыр. 3 Сыны Гамэра: Аскеназ, і Рыфат, і Тагарма. 4 Сыны ж Явана: Эліса і Тарсіс, Кітым і Раданім. 5 Ад іх паходзяць жыхары ўзбярэжжаў і астравоў, падзеленыя паводле сваіх краёў і сваёй мовы, па плямёнах і паводле сваіх народаў. 6 А сыны Хама: Куш, і Міцраім, і Пут, і Ханаан. 7 Сыны Куша: Саба, і Хавіла, і Сабата, і Рэгма, і Сабатаха. Сыны Рэгмы: Саба і Дэдан. 8 Куш быў бацькам Німрода. Ён быў першым магутным на зямлі, 9 і ён быў дужы паляўнічы перад Госпадам. Адсюль пайшла прыказка: «Як Німрод, дужы паляўнічы перад Госпадам». 10 Пачаткам валадарання яго быў Бабілон, і Эрэх, і Акад, і Хальнэ у зямлі Сэнаар. 11 З гэтай зямлі ён выйшаў у Асірыю і пабудаваў Нініву, Рэхабот-Ір і Калах, 12 таксама Расэн, вялікі горад між Нінівай і Калахам. 13 А Міцраім быў бацькам Луда, і Анама, і Лааба, і Нафтуа, 14 і Патруса, і Каслуха, і Кафтора, ад якіх паходзяць філістынцы. 15 Ханаан жа меў сыноў: першароднага Сідона, Хета, 16 і Евусея, і Амарэя, Гергесея, 17 Гівея і Арацэя, Сінэя 18 і Арадзія, Самарэя і Эматэя; і пасля таго рассеяліся народы хананеяў. 19 І былі межы хананеяў, калі ісці ад Сідона ў напрамку Герара аж да Газы, пакуль не дойдзеш да Садома і Гаморы, і да Адамы і Себаіма, аж да Лесы. 20 Гэта нашчадкі Хама паводле іх плямёнаў і моў, земляў і народаў. 21 Таксама ад Сэма, бацькі ўсіх сыноў Гебэра, старэйшага брата Яфэта, нарадзіліся [нашчадкі]. 22 Сыны Сэма: Элам, і Асур, і Арпаксад, і Луд, і Арам. 23 Сыны Арама: Уц, і Гул, і Гетэр, і Мэс. 24 А Арпаксад быў бацькам Салы, ад якога нарадзіўся Гебэр. 25 Нарадзіліся ж у Гебэра два сыны: першаму імя Пэлег, таму што ў днях яго раздзялілася зямля, а імя брата яго Ектан, 26 Той Ектан быў бацькам Эльмадада, і Салефа, і Асармота, і Ярэ, 27 і Адарама, і Узала, і Дэклы, 28 і Абала, і Абімаэля, і Сабы, 29 і Афіра, і Хавіла, і Ёбаба. Яны ўсе сыны Ектана. 30 Месца іх пражывання было, калі ісці ад Мэшы аж да Сэфара, усходняй гары. 31 Яны сыны Сэма паводле плямёнаў, і моў, і земляў у народах сваіх. 32 Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле сваяцтва і народаў сваіх. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі па патопе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)