АСІІ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слухайце слова Госпада, сыны Ізраэля, бо суд у Госпада з жыхарамі зямлі: бо няма праўды, і няма міласэрнасці, ды няма на зямлі пазнання Бога. 2 Пракляцце і хлусня, забойства і крадзеж, і чужаложства распаўсюдзілася лішне, кроў памнажае кроў. 3 Дзеля таго будзе плакаць зямля, і зняможацца кожны, хто жыве на ёй, жыхар яе са зверам палявым, з птушкай паднебнай, і нават рыбы марскія знікнуць. 4 Аднак хай не будзе нікога, хто б асуджаў, ды нікога, хто б ганіў. І народ твой — як тыя, хто спрачаецца са святаром! 5 І ты ўпадзеш днём, і прарок таксама будзе падаць з табою ноччу; дык загублю маці тваю. 6 Прападае народ Мой, таму што не мае навучання, бо ты адкінуў навучанне, і Я цябе адкіну ад Майго святарства, бо забыўся ты пра закон Бога твайго, дык і Я забудуся пра дзяцей тваіх. 7 Чым болей іх, тым больш грашаць супраць Мяне; дык славу іх замяню на ганьбу. 8 Грахом народа Майго жывяцца яны, і да няправасці кіруюць яны душы свае. 9 Што будзе з народам, тое будзе са святаром, і адпомшчу за яго ліхія паводзіны, па ўчынках яго адгаджу яму. 10 Будуць яны есці і не наядуцца; будуць чужаложыць, але не размножацца, бо пакінулі Госпада, каб не служыць Яму. 11 Распуста, і віно, і п’янства завалодалі сэрцам іх. 12 Народ Мой раіцца са сваім дрэвам, а яго палка прадказвае яму; бо дух чужаложны звёў іх, пакінулі Бога свайго, каб распуснічаць. 13 На вяршынях гор складаюць ахвяру, і на ўзгорках кадзяць кадзіла, пад дубам і таполяй, і тэрэбінітам, бо засень ад іх добрая. Таму вашыя дочкі займаюцца распустай, нявесткі вашыя чужаложаць. 14 Ці ж не буду караць дачок вашых, калі б дапускаліся распусты? І нарачэніц вашых, калі б чужаложылі? Але яны самі паганяцца з чужаложніцамі і нават складаюць ахвяры з распусніцамі, ды так народ неразумны загіне. 15 Калі ты, Ізраэлю, распуснічаеш, хай прынамсі Юда не грашыць! Не хадзіце ў Галгал, не заходзьце ў Бэт-Авэн, ані прысягайце словамі: «Жыве Госпад». 16 Бо Ізраэль упорысты, як карова наравістая. Ці ж цяпер будзе іх пасвіць Госпад, як ягня на прасторным пасвішчы? 17 Засябраваў Эфраім з ідаламі — кінь яго! 18 Далучыўся да п’янства іх, аддаліся яны распусце, больш любяць ганьбу нячыстасці. 19 Апануе іх віхор сваімі крыламі, і засаромяцца яны ахвяр сваіх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)