Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АМОСА 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Бачыў я Госпада, Які стаяіць над ахвярнікам, і Ён сказаў: «Стукні ў вершнікі, і хай захістаюцца бэлькі; разбі іх усе на галовах, і апошняга з іх Я заб’ю мечам; не ўцячэ з іх уцякач, ды не ўратуецца прысутны пры гэтым.

2 Хоць бы сышлі яны ў апраметную, адтуль выведзе іх Мая рука; а калі б падняліся аж у неба, адтуль сцягну іх.

3 І калі б схаваліся на вяршыні Кармэля, там вышукаю і забяру іх. Ды калі б скрыліся ад вачэй Маіх у глыбіні мора, там загадаю змею, і ён укусіць іх.

4 Калі б пайшлі ў палон перад сваімі ворагамі, і там загадаю мечу, і пазабівае іх, накірую вочы Свае на іх на бяду, а не на дабро».

5 І Госпад, Бог Магуццяў, — Той, Які дакранецца да зямлі, і яна пачне таяць. І залямантуюць усе жыхары яе, і падымецца ўся яна, як плынь, ды ападзе, як ручай Егіпецкі.

6 Ён будуе на нябёсах палацы Свае, і скляпенне Сваё асноўвае на зямлі; Ён прызывае воды марскія і вылівае іх на паверхні зямлі; Госпад — імя Яго.

7 «Ці ж вы, сыны Ізраэля, не такія Мне, як сыны этыёпцы? — кажа Госпад. — Ці ж не Я вывеў Ізраэля з зямлі Егіпецкай і філістынцаў — з Кафтора, і сірыйцаў — з Кіра?

8 Вось жа, вочы Госпада Бога на грэшнае царства, і Я сатру яго з аблічча зямлі, і ўсе ж такі не сатру зусім дому Якуба, — кажа Госпад. —

9 Бо Я, вось, загадаю і расцярушу дом Ізраэля паміж усіх народаў, як рассыпаецца зерне ў рэшаце, і ніводнае зерне не ўпадзе на зямлю.

10 Ад меча пагінуць усе грэшнікі з Майго народа, тыя, што кажуць: “Не наблізіцца і не прыйдзе на нас гэтая бяда!”

11 У той дзень Я адбудую палатку Давіда, якая ўпала, запраўлю трэшчыны ў ёй, і тое, што развалена, — аднаўлю ды адбудую яе, як у ранейшыя дні,

12 каб яны атрымалі ў спадчыну рэшту Эдома і ўсе народы, над якімі прызывана імя Маё, — кажа Госпад, Які зробіць гэта.

13 Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі аратай захопіць жняца, а таптальшчык вінаграду — сейбіта, а горы будуць цячы вінаградным сокам, ды ўсе ўзгоркі цячы будуць.

14 Вярну з палону народ Мой ізраэльскі; і адбудуюць яны зруйнаваныя гарады, і абжывуцца ў іх, і будуць закладаць вінаграднікі, і будуць піць віно з іх, і вырасцяць сады, і будуць есці плады з іх.

15 І пасаджу іх на іх зямлі, ды ніколі не будуць вырваны з зямлі сваёй, якую Я ім даў», — кажа Госпад, Бог твой.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы