АМОСА 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гэта вось паказаў мне Госпад Бог: вось жа, кош са спелымі пладамі. 2 І спытаўся: «Што ты бачыш, Амосе?» Я адказаў: «Кош са спелымі пладамі». І сказаў Госпад мне: «Прыспеў канец народу майму Ізраэлю; не буду болей прабачаць яму. 3 У той дзень палацавыя песні заменяцца ў плач, — кажа Госпад Бог, — будзе многа трупаў, раскідаюцца яны на кожным месцы, ціша!» 4 Слухайце гэта вы, што ўціскаеце беднага і пазбаўляеце бедных зямлі. 5 Вы кажаце: «Калі то пройдзе поўня месяца? Тады будзем мы прадаваць хлеб. Калі ж шабат? Тады мы адчынім свірны, каб змяншаць меру, павялічваць кошт сікля ды падманваць фальшывымі вагамі, 6 каб купляць за срэбра няшчасных, а беднага за пару сандаляў, і каб высеўкі пшанічныя прадаваць». 7 Прысягнуў Госпад на пыху Якуба: «Не забудуся ў вяках усіх іх учынкаў». 8 Ці ж дзеля гэтага не задрыжыць зямля і ці ж не будзе бедаваць кожны яе жыхар, уздымецца яна ўся, як плынь, узбурыцца і ападзе, як ручай Егіпецкі? 9 «І будзе так: у той дзень, — кажа Госпад Бог, — загадаю сонцу закаціцца ў поўдзень і зацямню аблічча зямлі ў ясны дзень. 10 І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы — у плач; і надзену на ўсе сцёгны вашы зрэбніцу, а на ўсе галовы — лысіну, ды пакладу яе, як жалобу па адзіным сыне, а апошнія дні — як горкі дзень». 11 «Вось жа надыдуць дні, — кажа Госпад, — і я пашлю голад на зямлю; не голад на хлеб ані смагу на ваду, але голад на слуханне слова Госпадавага. 12 І будуць яны бегаць ад мора да мора; віраваць будуць з поўначы на ўсход, шукаючы слова Госпадавага, і не знойдуць. 13 У той дзень памлеюць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і юнакі. 14 Тыя, што прысягаюць на віну Самарыі і кажуць: “Жыве Бог твой, Дан!” і “Жыве шлях Бээр-Сэбы!” — падуць і болей не паўстануць». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)