АМОСА 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слухайце гэтае слова, каровы Басана, якія ёсць на гары Самарыі, якія прыгнятаеце няшчасных і мучаеце бедных, якія кажаце гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць!” 2 Прысягнуў Госпад Бог святасцю Сваёй: “Вось, прыйдуць на вас дні, і прыцягнуць вас крукамі, а астатніх вашых — вудамі; 3 і праз праломы муроў выйдзеце, адна насупраць другой, і павалакуць вас у Армон”, — кажа Госпад. 4 “Ідзіце ў Бэтэль, і бязбожнае чыніце ў Галгале, і памнажайце злачынствы; і складайце ахвяры вашы кожнай раніцы і кожны трэці дзень — дзесяціны вашыя! 5 І складайце ў ахвяру хлебную хлеб кіслы, і клічце ўголас да ахвяр добраахвотных, ды абвяшчайце, бо гэта вы любіце, сыны Ізраэля”, — кажа Госпад Бог. 6 “За гэта і Я даў вам галечу зубоў па ўсіх гарадах вашых ды нястачу хлеба па ўсіх месцах вашых; а вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. 7 “Таксама Я ўтрымаў ад вас дождж, калі яшчэ тры месяцы заставалася да жніва; ды праліў дождж на адзін горад, а на другі горад не даў дажджу: адна частка паліта дажджом, а другая частка, на якую не даў дажджу, ссохла. 8 Тады ўцякалі два, тры гарады ў адзін горад, каб там напіцца вады, але не заспакоілі смагі; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. 9 “Я караў вас пякучым ветрам і залатухай; многа вашых садоў і вінаграднікаў вашых, дрэвы фігавыя вашы і аліўкі вашы з’ела саранча; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. 10 “Саслаў на вас пошасць — заразу, як на Егіпет, выбіў мечам вашых юнакоў, забраўшы коней вашых, ды ўчыніў так, што смурод ад станаў вашых падымаўся да ноздраў вашых; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. 11 “Спустошыў Я вас, як спустошыў Бог Садом і Гамору, і сталіся вы, як галавешка, выцягнутая з агню; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. 12 “Дык вось што зраблю табе, Ізраэль, а што гэта зраблю табе, прыгатуйся стаць перад Богам тваім, Ізраэль, 13 бо вось, Ён — Той, Хто творыць горы і выклікае вецер, аб’яўляе чалавеку намер яго, выклікае зару і цемру, ходзіць па вышынях зямных; імя Яго — Госпад, Бог Магуццяў”. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)