АМОСА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слухайце гэта слова, якое сказаў Госпад пра вас, сыны Ізраэля, пра ўвесь род, які вывеў з зямлі Егіпецкай, кажучы: 2 “Толькі вас прызнаў Я з усіх родаў зямлі, дзеля таго пакараю вас за ўсе правіны вашы. 3 Ці пойдуць удвух разам перш, чым не дамовіліся між сабой? 4 Ці ж зарычыць леў у лесе перш, чым атрымае здабычу? Ці ж падасць свой голас ільвянятка з свайго лежышча перш, чым нешта зловіць? 5 Ці ж спадзе птушка на зямлю без сіла? Ці ж падымаецца пастка над зямлёю перш, чым нешта схопіць? 6 Ці ж калі затрубіць труба ў горадзе, народ не палохаецца? І калі будзе ў горадзе бяда, ці не Госпад гэта дапусціў? 7 Бо не зробіць нічога Госпад Бог, каб не адкрыць Сваёй таямніцы для паслугачоў Сваіх, прарокаў. 8 Леў раве, хто ж не спалохаецца? Калі Госпад Бог прамаўляе, хто ж не будзе праракаваць? 9 Абвясціце ў палацах Асірыі і ў палацах зямлі Егіпецкай! Кажыце: “Збярыцеся на гарах Самарыі і пабачце многія шаленствы ў ёй і ўціскі пасярод яе”. 10 І не ўмеюць яны чыніць справядлівасць, — кажа Госпад, — збіраюць гвалт і рабунак у палацах сваіх”. 11 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Непрыяцель акружыць зямлю кругом, і будзе адабраная ў цябе сіла твая, і абрабаваны будуць палацы твае”. 12 Гэта кажа Госпад: “Як вось пастух вырывае з пашчы льва дзве галёнкі або канец вуха, так будуць уратаваныя [нямногія] сыны Ізраэля, якія пражываюць у Самарыі на рагу пасцелі і на ложы Дамаска. 13 “Паслухайце і дайце сведчанне ў доме Якубавым”, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — 14 У дзень, калі буду караць праступкі Ізраэля, пакараю яго, а таксама ахвярнік у Бэтэлі, і адсечаны будуць рагі ахвярніка ды зваляцца на зямлю; 15 і разбуру дом зімовы разам з домам летнім, і прападуць дамы з аздабленнем з косці слановай ды развалены будуць палацы вялікія”, — кажа Госпад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)