АДКРЫЦЦЁ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І пасля гэтага ўбачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва. 2 І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І крыкнуў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору, 3 кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не папячатаем паслугачоў Божых на чолах іх». 4 І пачуў я лік папячатаных: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля: 5 з пакалення Юды дванаццаць тысяч папячатаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч, 6 з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч, 7 з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч, 8 з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч папячатаных. 9 Пасля ўбачыў я: і, вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не мог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх. 10 І ўсклікаюць яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!» 11 І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старэйшынаў, і чатырох жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і пакланіліся Богу, 12 кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін!» 13 І адзін са старэйшынаў азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны прыйшлі?» 14 А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага ўціску, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці. 15 Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх. 16 Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота, 17 бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)