АДКРЫЦЦЁ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта, вось, кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы. 2 Чувай і ўзмацняй рэшту, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім. 3 Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе. 4 Але, вось, маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны дастойныя. 5 Хто пераможа, апранецца ў вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і прызнаю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго. 6 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам. 7 І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адчыніць, і ніхто не замкне, а замкне, і ніхто не адчыніць. 8 Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго. 9 Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе. 10 Бо ўхаваў ты слова стойкасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі. 11 Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго. 12 Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае. 13 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам. 14 І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага. 15 Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым! 16 Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх. 17 Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы. 18 Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў. 19 Бо Я тых, якіх люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівым і навярніся. 20 Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной. 21 Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе. 22 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)