АДКРЫЦЦЁ 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі і мора ўжо няма. 2 І я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, які сыходзіць з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа. 3 І пачуў я голас з пасаду магутны, які кажа: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам, 4 і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула». 5 І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я ствараю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя». 6 І сказаў мне: «Сталася! Я – Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця. 7 Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. 8 Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванапаклоннікаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць». 9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жонку, нявесту Ягняці». 10 І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне вялікі, святы горад Ерузалім, які сыходзіў з неба ад Бога 11 і меў славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю. 12 І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. 13 Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы. 14 І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці. 15 І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур яго. 16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня – аднолькавыя. 17 І змераў мур яго ста сарака чатырма локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская. 18 І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло. 19 Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы – яспісам, другі – сапфірам, трэці – халцэдонам, чацвёрты – смарагдам, 20 пяты – сардоніксам, шосты – сердалікам, сёмы – хрызалітам, восьмы – берылам, дзевяты – тапазам, дзесяты – хрызапразам, адзінаццаты – гіяцынтам, дванаццаты – аметыстам. 21 І дванаццаць брам – дванаццаць перлаў; кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла. 22 І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй, і Ягня. 23 І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо слава Божая асвятляе яго і Ягня ёсць свяцільняй яго. 24 І будуць хадзіць народы збаўленых у святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар. 25 І брамы яго не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы не будзе ўжо там. 26 І ўнясуць у яго славу і гонар народаў. 27 І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін, хто чыніць агіду і хлусню, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)