АДКРЫЦЦЁ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пасля гэтага пачуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Алілуя! Збаўленне, і слава, і пашана, і магутнасць Богу нашаму, 2 бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Бо Ён асудзіў распусніцу вялікую, якая разбэшчвала зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе». 3 І зноў усклікнулі: «Алілуя! І дым з яе падымаецца на векі вечныя». 4 І палі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін! Алілуя!». 5 І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія». 6 І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, якія кажуць: «Алілуя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны. 7 Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго падрыхтавала сябе. 8 І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць учынкі праведнасці святых». 9 І кажа мне: «Напішы: “Шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці”». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя». 10 І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва». 11 І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў Вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца. 12 Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога, 13 і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго – Слова Божае. 14 І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім. 15 І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным кіем і Ён стопча ступу віна лютасці гневу Бога Усемагутнага. 16 І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых. 17 І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую, 18 каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх». 19 І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго. 20 І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланяліся перад яго абразом. Абодва яны былі жывымі кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай. 21 А іншыя былі забіты мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)