АДКРЫЦЦЁ 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Падыдзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі, 2 з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе». 3 І перанёс мяне ў духу ў пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнячых, які меў сем галоў і дзесяць рагоў. 4 Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і перламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нечыстотаў сваёй распусты, 5 і на сваім чале мела напісанае імя: «Таямніца: Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі». 6 І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем. 7 І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў. 8 Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў, і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця. 9 Вось, тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў – гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў. 10 Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, належыць яму кароткі час прабыць. 11 І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу. 12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам. 13 У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу. 14 Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён – Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя». 15 І кажа ён мне: «Воды, што ты бачыў, дзе сядзіць распусніца, – гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы. 16 Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём. 17 Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна, і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя. 18 І жанчына, якую ты бачыў, – гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)