Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АДКРЫЦЦЁ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І стаў я на пяску марскім. І ўбачыў звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.

2 І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.

3 І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,

4 і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»

5 І дадзены былі яму вусны, што гаварылі пыхлівае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.

6 І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.

7 І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагчы іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.

8 І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі і чыё імя не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты ад заснавання свету.

9 Хто мае вуха, хай слухае:

10 «Каму ў палон, той ідзе ў палон. Хто на забіванне мечам, належыць таму прапасці ад меча. Тут, вось, цярплівасць і вера святых».

11 І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобны да Ягнячых, і гаварыў як дракон.

12 І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.

13 І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.

14 І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі вобраз звера, што меў рану ад меча, але жывы.

15 І дадзена яму надаць дух вобразу звера, каб гаварыў вобраз звера і каб таго, хто не пакланяўся вобразу звера, забіваць.

16 І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,

17 і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.

18 Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая – шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы