Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АДКРЫЦЦЁ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,

2 і яна цяжарная, і крычыць ад болю і мук радзільных.

3 І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, агніста-чырвоны, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,

4 і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.

5 І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.

6 І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.

7 І пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон і яго анёлы ваявалі супраць іх,

8 і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.

9 І скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.

10 І пачуў я голас магутны на небе, які казаў: «Цяпер настала збаўленне і моц, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.

11 І тыя перамаглі яго дзякуючы Крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі жыцця свайго нават да смерці.

12 Дзеля таго цешцеся, нябёсы і жыхары яго. Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай лютасці, ведаючы, што мае мала часу!»

13 А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.

14 І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яна будзе карміцца ўдалечыні ад змея праз пару, і поры, ды паўпары.

15 І пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай ваду, як раку, каб яе знесла патокам.

16 І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.

17 І ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе нашчадкаў, якія трымаліся загадаў Божых і мелі сведчанне Ісуса Хрыста.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы