Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АДКРЫЦЦЁ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў рабам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе; і, паслаўшы праз анёла Свайго, Ён даў знак рабу Свайму Яну,

2 які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.

3 Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды выконвае тое, што ў ім напісана; бо час блізкі.

4 Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,

5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памерлых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,

6 і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму слава і валадарства на векі вечныя. Амін.

7 Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго працялі, і залямантуюць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!

8 Я – Альфа і Амега, Пачатак і Канец, – кажа Госпад, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.

9 Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў вытрываласці Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчанне Ісуса Хрыста.

10 Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,

11 які казаў: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, і што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам, што ў Азіі: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».

12 Я павярнуўся, каб зірнуць, чый быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,

13 і паміж сямі светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгія шаты і падперазаны пад грудзі залатым поясам;

14 галава ж Яго і валасы былі белыя, як чыстая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,

15 і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны да гуку бурлівых водаў,

16 і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.

17 І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я – Першы, і Апошні,

18 і жывы; і быў мёртвым, і, вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы смерці і пекла.

19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля гэтага.

20 Таямніца сямі зорак, якія ты ўбачыў у Маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак – гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў – гэта сем цэркваў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы